«Лукашэнка разумее, што Расея прайграла гэтую вайну». Сахашчык аб тым, што чакае войска Беларусі ў выпадку вайны з Украінай

Валер Сахашчык

Лукашэнка зноў сьцвярджае, што на Беларусь рыхтуюць напад. Старшыня КДБ Іван Тэртэль расказаў, што з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь нібыта, выкарыстоўваючы інфармацыю амэрыканскіх спэцслужбаў, зьбіраюцца прарвацца тры сотні баевікоў, захапіць нейкі населены пункт у якасьці пляцдарму і потым рухацца да Менску.

Беларускія вайскоўцы і міліцыянты напярэдадні правялі вучэньні каля мяжы з Украінай. Бягучую сытуацыю і перспэктывы ўступленьня беларускай арміі ў вайну супраць Украіны ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» пракамэнтаваў Валер Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі.

— Як вам такі плян, які агучвае старшыня КДБ Тэртэль? Ці верыць наагул у гэта нехта?

— Я, вядома ж, ня веру. Я крыху знаёмы зь людзьмі, якія нібыта забясьпечваюць паступленьне выведвальнай інфармацыі ў Беларусь. Насамрэч гэтыя людзі проста выконваюць палітычныя замовы, калі ставіцца задача з Адміністрацыі прэзыдэнта знайсьці абгрунтаваньні нейкім дзеяньням, палітычным рашэньням. Яны пачынаюць прыдумляць вэрсіі і варыянты, што там можа адбывацца за мяжой. Гэта старая заежджаная кружэлка.

— Гэтыя новыя заявы, што на Беларусь рыхтуецца напад, новыя абвешчаныя вучэньні — усё гэта сьведчыць пра тое, што Менск рыхтуецца поўнамаштабна ўступіць у гэтую вайну?

— Я думаю, гэта мая асабістая думка, што Пуціну, вядома ж, выгадна ўцягнуць беларускія Ўзброеныя сілы ў агрэсію, але я спадзяюся, што хопіць разважлівасьці ў кіраўніцтва Беларусі знайсьці спосабы адмовіцца ад гэтага, не паўдзельнічаць. Я веру, што гэта атрымаецца.

— У Лукашэнкі хопіць разважлівасьці?

— Я думаю, што ў яго вельмі сурʼёзная інтуіцыя. Чалавек зь нейкімі ардынарнымі якасьцямі ня змог бы ўтрымацца ва ўладзе больш за 28 гадоў. Я думаю, ён разумее, што Расея прайграла гэтую вайну. І я спадзяюся, што ён не захоча разьдзяліць гэтую долю прайграўшага, ганьбу паразы і ўсе наступствы, якія наступяць пасьля заканчэньня прайгранай вайны. Я на гэта спадзяюся.

— А калі ўсё ж выявіцца, што вы ня маеце рацыі, памыляецеся? Што вы можаце сказаць пра баяздольнасьць беларускага войска? Наколькі я разумею, там няма досьведу, як мінімум такога, які ёсьць ва Ўкраіне і ў Расеі.

— Я магу памыляцца і проста ў Лукашэнкі можа не атрымацца выкруціцца нават пры ўсім жаданьні. Што да беларускай арміі... Яна ня мае ніякага баявога досьведу. У беларускім войску ўвогуле няма людзей, якія дзе б там ні было ваявалі. Хаця мы ўсе бачым, што Расея, якая ваюе бясконца, не вылазіць з войнаў, цярпіць паразу за паразай. Такіх войнаў, якая ідзе зараз ва Ўкраіне, проста не было апошнія 70 гадоў. А нейкія ваенныя канфлікты супраць партызанаў вельмі моцна адрозьніваюцца ад таго, што адбываецца сёньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей адказаў Зяленскаму: пры накіраваньні назіральнікаў на ўкраінска-беларускую мяжу мы павінны зрэагаваць

Расея ўсюды мела перавагу вайсковага патэнцыялу, усюды мела поўнае панаваньне ў паветры. А калі давялося натыкнуцца на рэальнага сурʼёзнага суперніка, высьветлілася, што гэты баявы досьвед, які яны мелі, ніяк ім не дапамог. Вяртаемся да беларускага войска: баявога досьведу яно ня мае. Але, з другога боку, у Беларусі няма такіх маштабаў бардаку і карупцыі, як у Расеі. Падразьдзяленьні беларускага войска займаюцца баявой падрыхтоўкай больш сурʼёзна, чым займаліся расейцы, і парадку ў войску больш. Таму, калі дойдзе да такога сцэнару, што беларускае войска будзе ўцягнутае ў вайну, беларускія вайскоўцы змогуць даставіць праблем Украіне, як гэта ні сумна.

Калі гаварыць пра тэхнічнае аснашчэньне, то яно горшае, чым у расейцаў, істотна горшае: тэхніка старэйшая, сыстэмы сувязі і кіраваньні войскамі таксама старэйшыя і слабейшыя. Але, як бы там ні было, гэта сурʼёзны баявы патэнцыял, я б ня ставіўся да гэтага легкадумна і на ўсялякі выпадак рыхтаваўся.

— А колькі чалавек гэта можа быць?

— Армія, якая ўтрымліваецца ў штатах мірнага часу, — гэта адно. Мабілізаваная армія, даведзеная да штату ваеннага часу, — гэта зусім іншае. Што і як будзе зроблена, мы ня ведаем, ніхто нам гэтых рашэньняў не давядзе. Але сёньняшняя колькасьць баявых злучэньняў частак Беларусі, вядома ж, можа быць павялічаная ў разы.

— Валер, а ці вядомыя вам настроі ў шэрагах беларускай арміі?

— Сацыялёгія забароненая ў Беларусі наагул і ў войску тым больш. Я магу казаць толькі пра нейкую абмежаваную колькасьць кантактаў, якія ёсьць у мяне і ў чальцоў маёй каманды. Пераважны настрой у войску, вядома ж, — гэта нежаданьне ісьці ва Ўкраіну. Я чуў пра адзінкі адмарожаных людзей, іх самі ж калегі лічаць адмарожанымі, якія рваліся ў лютым-сакавіку штурмаваць Кіеў. І такія людзі засталіся да гэтага часу, іх няшмат. Асноўная маса людзей выдатна разумее, што нічога добрага ва Ўкраіне іх не чакае, і ў прынцыпе ня бачыць ніякага ворага ва ўкраінцах.

Прапагандзе давядзецца папрацаваць яшчэ сурʼёзна, каб неяк павярнуць мазгі беларускіх вайскоўцаў, каб яны адчулі ворага там. Магчыма, нават давядзецца чыніць якія-небудзь правакацыі і паказаць, што вось Украіна на нас напала. Мы ведаем, што большасьць войнаў так і пачыналася, калі агрэсар рабіў нейкую правакацыю. Немцы ў канцы жніўня 1939 года пераапранулі эсэсаўцаў у форму польскага войска і напалі на радыёстанцыю ў Глівіцы. І такіх прыкладаў можна прывесьці вельмі шмат. Гэтак сама Сталін арганізаваў напад на савецкую артылерыйскую батарэю нібы фінскімі вайскоўцамі, насамрэч пераапранутымі.

— Гісторыя ведае шмат такіх прыкладаў.

— Таму меркаваць можна, што нешта падобнае будзе. Паволі гісторыю гэтую рыхтуюць, таму гэтыя заявы і час ад часу раздаюцца, што «вось украінцы рыхтуюцца напасьці». Любы разважны чалавек разумее, што гэта поўны абсурд.