Reuters: Кіраўнік ЦРУ сустракаецца з «расейскім калегам» у Турэччыне

Дырэктар ЦРУ ЗША Уільям Бёрнс

У Анкары праходзяць перамовы кіраўніка ЦРУ ЗША Уільяма Бёрнса зь ягоным расейскім калегам. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу ў Белым доме.

Па словах суразмоўцы агенцтва, Бёрнс перадае паведамленьне Вашынгтона пра наступствы магчымага ўжываньня Расеяй ядзернай зброі. Кіраўнік ЦРУ не абмяркоўвае вайну Расеі з Украінай.

Імя прадстаўніка расейскага боку не называецца. Службу зьнешняй выведкі РФ узначальвае Сяргей Нарышкін.

Кіраўнік расейскай Службы зьнешняй выведкі Сяргей Нарышкін

Журналіст CNN Наташа Бэртранд, якая асьвятляе дзейнасьць Белага дому, напісала ў Твітэры, што Бёрнс сапраўды сустракаецца з Нарышкіным. Акрамя ядзерных рызыкаў, паводле зьвестак Бэртранд, бакі абмяркоўваюць пытаньні, зьвязаныя з амэрыканскімі грамадзянамі, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.

Раней пра тое, што Нарышкін прыляцеў у Анкару для сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй, са спасылкай на свае крыніцы паведамляла газэта «Коммерсант».

Прадстаўнік Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ня можа ані пацьвердзіць, ані абвергнуць інфармацыю пра перамовы ў Анкары.

Апошні раз прадстаўнікі Масквы і Вашынгтона сустракаліся ў Жэнэве 10 студзеня для перамоваў аб гарантыях бясьпекі. Адсутнасьць практычных вынікаў пасьля сустрэчы СМІ часта разглядаюць як перадумову для пачатку вайны Расеі з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Нарышкіну: «У гэтым сьвеце шалёным сяброў у нас няшмат»