Праваабаронцы зьвярнуліся ў міжнародны Чырвоны Крыж пасьля прапановы кіраўніка беларускага аддзелу арганізацыі «лячыць» гомасэксуальнасьць

Вясёлкавы сьцяг на будынку брытанскай амбасады ў Менску 17 траўня 2020 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй

Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся ў арганізацыю Міжнародны Чырвоны Крыж з нагоды выказваньняў генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзьмітрыя Шаўцова, які ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі назваў гомасэксуальную арыентацыю «захворваньнем» і заклікаў яе лячыць.

Пра гэта паведамляе партал «Зеркало».

Беларускія праваабаронцы папрасілі Міжнародны Чырвоны Крыж публічна асудзіць словы Шаўцова.

18 кастрычніка ў праграме тэлеканалу СТВ старшыня Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская і генэральны сакратар БТЧК, лекар паводле адукацыі Дзьмітры Шаўцоў абмяркоўвалі, у якім ключы трэба расказваць дзецям пра «нетрадыцыйныя адносіны паміж поламі».

Сярод іншага Шаўцоў заявіў, што гомасэксуальнасьць — «гэта ўсё ж такі псыхічнае адхіленьне і захворваньне, таму яго трэба лячыць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куба легалізуе аднаполыя шлюбы

Экспэрты Беларускага Хэльсінскага камітэту і Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці адрэагавалі на выказваньне Шаўцова і напісалі звароты ў розныя інстытуцыі Міжнароднага Чырвонага Крыжа.

Яны нагадалі, што Сусьветная арганізацыя здароўя яшчэ ў 1990 годзе выключыла гомасэксуальнасць са сьпісу хваробаў. Такім чынам, адзначаюць праваабаронцы, словы пра тое, што яна ёсьць захворваньнем, ня што іншае, як распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі.