МАГАТЭ: усе ваенныя дзеяньні, якія пагражаюць бясьпецы ядзерных аб’ектаў Украіны, мусяць быць спыненыя

Запароская АЭС, 30 жніўня 2022 года

Ва Ўкраіну пасьля аварыйнага адключэньня ўсіх атамных электрастанцый у выніку расейскага абстрэлу 23 лістапада прыбылі экспэрты Міжнароднага агенцтва ядзернай энэргетыкі (МАГАТЭ).

«Нядаўна Ўкраіна заклікала МАГАТЭ забясьпечыць, як гэта было з Запароскай АЭС, падтрымку і дапамогу на Ровенскай, Хмяльніцкай, Паўднёваўкраінскай, а таксама Чарнобыльскай АЭС. Гэтая падтрымка пачалася. Мы мусім зрабіць усё, каб папярэдзіць ядзерны інцыдэнт на ўсіх украінскіх АЭС», — паведаміў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі ў сваёй відэазаяве.

Паводле яго, поўная і адначасовая страта вонкавага электразабесьпячэньня ўкраінскіх АЭС дэманструе, што сытуацыя зь ядзернай бясьпекай становіцца ўсё больш нестабільнай, складанай і патэнцыйна небясьпечнай.

«Гэта было немагчыма ўявіць да гэтай трагічнай вайны. І гэта надзвычайна турбуе. Усе ваенныя дзеяньні, якія пагражаюць бясьпецы ядзерных аб’ектаў Украіны, мусяць быць тэрмінова спыненыя», — заявіў Рафаэль Гросі.

23 лістапада ў выніку маштабнай ракетнай атакі Расеі на Ўкраіну ўсе ўкраінскія атамныя станцыі страцілі вонкавае энэргазабесьпячэньне, а энэргаблёкі спыніліся ў аварыйным рэжыме.

Ва Ўкраіне чатыры атамныя станцыі; адна зь іх, найбольшая ў Эўропе Запароская АЭС, знаходзіцца пад кантролем войскаў Расеі. Станцыю захапілі на пачатку вайсковага ўварваньня.Як паведаміў кіраўнік праўленьня кампаніі «Укренерго» Уладзімір Кудрыцкі, увечары 24 лістапада Ровенская, Хмяльніцкая і Паўднёваўкраінская АЭС аднавілі працу і цягам 1-2 дзён выйдуць на сваю нармальную плянавую магутнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пасьля ракетнай атакі Расеі аварыйна спынілі ўсе АЭС. Улады кажуць, што небясьпекі няма
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стралялі па нагах, білі прыкладамі. Супрацоўнікі Запароскай АЭС расказалі аб катаваньнях і зьдзеках расейскіх акупантаў