Праваслаўная царква Ўкраіны зарэгістравала манастыр «Кіева-Пячорская лаўра», але памяшканьне пад яго пакуль не атрымала

Кіева-Пячорская лаўра

Прадстаўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ), архіяпіскап Чарнігаўскі і Нежынскі Яўстрацій (Зора) паведаміў аб юрыдычнай рэгістрацыі мужчынскага манастыра Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай лаўры.

«1 сьнежня 2022 году зарэгістраваны статут Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай лаўры (мужчынскага манастыра) Ўкраінскай праваслаўнай царквы (Праваслаўнай царквы Ўкраіны). Зьвесткі аб гэтай юрыдычнай асобе ў складзе Памеснай царквы ўнесеныя ў Адзіны дзяржаўны рэестар 2 сьнежня», — напісаў Яўстрацій на сваёй старонцы ў Facebook.

ПЦУ ўхваліла рашэньне аб стварэньні мужчынскага манастыра з такой назвай у чэрвені. Тады ж яе кіраўнік зьвярнуўся ў Кабінэт Міністраў Украіны з просьбай надаць пад гэты манастыр адзін з храмаў Кіева-Пячорскай лаўры.

Цяпер Кіева-Пячэрскую лаўру на правах бестэрміновай арэнды выкарыстоўвае Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Раней такія дагаворы падпісваліся на пэўны тэрмін, але ў час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча зьмянілі нарматыўную базу, якая дазволіла падпісваць дагаворы арэнды храмаў на неабмежаваны тэрмін. Усе гістарычныя лаўры знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці.

2 сьнежня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, якім прадугледжана забарона дзейнасьці ва Ўкраіне афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расеі рэлігійных арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам у Расеі. УПЦ Маскоўскага патрыярхату пад пагрозай

Згодна з указам прэзыдэнта, урад цягам двух месяцаў мусіць распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт адпаведны законапраект.

Адзіная рэлігійная арганізацыя, якая мае сувязь з Расейскай праваслаўнай царквой, зьяўляецца Ўкраінская праваслаўная царква, якую ачольвае мітрапаліт Ануфрый. Сёлета ў траўні на зборах Сыноду гэтай царквы з статуту прыбралі згадваньне аб Маскоўскім патрыярхаце. Але ў грамадзтве яе па-ранейшаму называюць Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі СБУ прыйшлі зь ператрусам у Кіева-Пячэрскую ляўру

З канца лістапада сьледчыя Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны праводзяць вобшукі ў эпархіях УПЦ МП. Па іх выніках некалькім сьвятарам уручылі падазрэньні аб апраўданьні расейскай агрэсіі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскія кнігі, грошы, пашпарты СССР — вынікі ператрусаў у асяродках Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне