Стала вядома, як цягам некалькіх месяцаў рыхтавалі візыт Зяленскага ў ЗША

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн. 21 сьнежня 2022

Крыніцы расказалі Associated press аб дэталях падрыхтоўкі і ажыцьцяўленьня візыту ўкраінскага лідэра ў Вашынгтон.

Ідэя сьмелай паездкі Ўладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон выношвалася некалькі месяцаў, перш чым пра нечаканы візыт стала вядома за некалькі гадзін да прыбыцьця прэзыдэнта Ўкраіны ў ЗША, піша Associated press.

Падчас кастрычніцкага саміту ў Заграбе сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі абмяркоўвала са сваім калегам з украінскага парлямэнту пэрспэктывы выступу Зяленскага ў Кангрэсе ЗША. Прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна таксама некалькіх месяцаў вялі перамовы з Украінай аб візыце Зяленскага ў Белы дом, спадзеючыся, што ён адбудзецца да канца году і дасьць недвухсэнсоўны сыгнал аб падтрымцы напярэдадні суровай зімы, якая можа ўзмацніць наступ прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Падчас тэлефонных размоў Зяленскі даваў зразумець Байдэну і іншым высокапастаўленым прадстаўнікам Белага дома, што ЗША — гэта першая краіна, якую ён хоча наведаць, калі прыйдзе час для паездкі, паведаміла крыніца, знаёмая са зьместам размоў.

У тэлефоннай размове паміж двума лідэрамі 11 сьнежня Байдэн паўтарыў запрашэньне. Зяленскі адказаў, што час для візыту прыйшоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прыбыў у ЗША на борце самалёта амэрыканскіх Узброеных сіл. Пачалася яго сустрэча з Байдэнам, пасьля — выступ у Кангрэсе

Пра закулісныя дэталі візыту Зяленскага ў Вашынгтон расказалі памочнік Пэлосі, прадстаўнік ураду ЗША і высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі. Усе яны папрасілі аб ананімнасьці, каб расказаць, як плянавалася сакрэтная паездка. Неўзабаве пасьля таго, як падрыхтоўка пачалася, абмалявалася праграма дзесяцігадзіннага візыту Зяленскага, якая ўключала сустрэчу з Байдэнам у Авальным кабінэце, сумесную прэс-канфэрэнцыю і выступленьне ў Кангрэсе.

Пасьля таго, як два прэзыдэнты абмеркавалі паездку 11 сьнежня, Белы дом накіраваў афіцыйнае запрашэньне 14 сьнежня, паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі. Зяленскі прыняў запрашэньне 16 сьнежня, і візыт быў пацьверджаны праз два дні, пасьля чаго супрацоўнікі Белага дома апавясьцілі офіс Пэлосі аб плянах паездкі ўкраінскага лідэра.

Падзеі серады сталі вынікам старанна распрацаванага пляну амэрыканскіх і ўкраінскіх уладаў па хуткай і бясьпечнай дастаўцы Зяленскага ў Вашынгтон, што стала ягонай першай вядомай замежнай паездкай з пачатку расейскага ўварваньня ў лютым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Комплекс Patriot істотна ўмацуе нашу абарону». Пра што гаварылі Байдэн і Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны перасёк мяжу з Польшчай раніцай у сераду, паведаміла польская прыватная тэлекампанія TVN24. Ён прыбыў на вакзал у Пярэмышлі, адкуль у суправаджэньні амбасадара ЗША ва Ўкраіне Брыджэт Брынк быў дастаўлены на машыне амэрыканскага пасольства ў аэрапорт у Жэшуве. Там ён сеў на самалёт, які наўпрост даставіў яго на авіябазу Эндрус пад Вашынгтонам неўзабаве пасьля поўдня ў сераду.

Зяленскі ляцеў на самалёце ВПС ЗША, які звычайна выкарыстоўваецца для паездак міністраў і іншых высокапастаўленых асоб рангам, ніжэйшым за прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта. Белы дом публічна аб’явіў аб заплянаваным візыце Зяленскага толькі ў 01:00 у сераду, мяркуючы, што да гэтага моманту ён бясьпечна пакіне Ўкраіну.

Як толькі Зяленскі прызямліўся ў ЗША, ягонай аховай, як звычайна робіцца падчас візытаў кіраўнікоў дзяржаў, занялася сакрэтная служба. Высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі расказаў, што ЗША цесна кансультаваліся зь Зяленскім у пытаньнях ягонай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеў прыбыла спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі

Між тым Пэлосі, якая ў апошнія месяцы езьдзіла па сьвеце, актыўна выступаючы ў абарону Ўкраіны, таксама на працягу некалькіх месяцаў рыхтавала глебу для выступу Зяленскага ў Кангрэсе.

Яна прыехала на саміт у Заграбе ў кастрычніку на запрашэньне Зяленскага і сьпікера Вярхоўнай Рады Руслана Стэфанчука.

Вярнуўшыся з Харватыі, сьпікерка Палаты прадстаўнікоў пачала абмяркоўваць ідэю выступу Зяленскага на Капіталійскім узгорку. Яна праінфармавала лідэраў Кангрэсу — лідэра дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чака Шумера, лідэра рэспубліканскай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Кэвіна Макарці і лідэра рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце Мітча Маканэла — аб сваіх замежных сустрэчах і папрасіла іх падтрымаць ідэю прыезду ўкраінскага лідэра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выдзелілі Ўкраіне вайсковую дапамогу на $1,85 млрд, паведамілі ў Белым доме

У сераду дэмакратка Пэлосі, якая празь некалькі дзён перадасьць малаток сьпікера рэспубліканцам, нарэшце, вітала Зяленскага ў Капітоліі, назваўшы гэта «велізарным прывілеем». Выступленьне прэзыдэнта Ўкраіны адбылося ў той час, калі Кангрэс рыхтуецца ўхваліць выдзяленьне Кіеву дадатковай надзвычайнай дапамогі ў памеры 45 мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы павінны перамагчы Расею на полі бітвы, якую немагчыма замарозіць або адкласьці», — Уладзімір Зяленскі ў Кангрэсе ЗША