Генэральны сакратар ААН у Давосе: Ня бачу канца вайны ў найбліжэйшай пэрспэктыве

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш на пасяджэньні Ўсясьветнага эканамічнага форуму ў Давосе заявіў, што сьвет знаходзіцца ў «вартым жалю стане».

Сярод прычын Гутэрыш назваў «узаемазьвязаныя» праблемы, у тым ліку кліматычныя зьмены і вайну ва Ўкраіне.

«Гэтай вайне надыдзе канец. Канец ёсьць ва ўсяго. Але я ня бачу канца вайны ў найбліжэйшай будучыні, — цытуе Гутэрыша „Голас Амэрыкі“. — На дадзены момант я ня думаю, што ў нас ёсьць шанец прасунуць (перамовы) або быць пасярэднікамі ў сур’ёзных перамовах для дасягненьня міру ў кароткатэрміновай пэрспэктыве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2100 году ад пацяпленьня можа зьнікнуць да 83% ледавікоў Зямлі

Гутэрыш сказаў, што «сурʼёзны ўзровень геапалітычнага расколу і недаверу на працягу многіх пакаленьняў» падрывае намаганьні па вырашэньні глябальных праблемаў, якія таксама ўключаюць няроўнасьць, крызіс кошту жыцьця, выкліканы імклівым ростам інфляцыі і энэргетычным крызісам, зацяжныя наступствы пандэміі COVID-19, збоі ў ланцужках паставак і шмат што іншае.

Праблему зьмены клімату Генэральны сакратар ААН назваў «экзыстэнцыйнай», падкрэсьліўшы, што «глябальнае абавязаньне» абмежаваць падвышэньне тэмпэратуры на 1,5 градуса паводле Цэльсія «сышло амаль на нішто».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на форуме ў Давосе сустрэлася з кіраўнікамі Бэльгіі, Люксэмбургу і Малдовы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Давосе: «Мы абмяркоўваем стварэньне міжнароднай кааліцыі ў падтрымку свабоднай Беларусі»