Літва пацьвердзіла закрыцьцё чыгуначнага пункта пропуску Стасілас — Беняконі на мяжы зь Беларусьсю

Літоўска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

У Літве паведамілі аб закрыцьці з 16 лютага памежнага пераходу Стасілас — Беняконі для грузавых цягнікоў зь Беларусі. Зараз іх рух будзе магчымы толькі праз пункт пропуску «Кяна».

«Гэтыя меры прымаюцца ў сувязі зь вялікімі плынямі кантрабанды, якая перавозіцца цягнікамі зь Беларусі, і зьвязанай з гэтым падвышанай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы», — патлумачылі ў Літоўскай мытні рашэньне закрыць рух адсутнасьцю рэнтгенаўскай сыстэмы надгляду на станцыі Стасілас.

Мытня адзначае, што апошнія гады аб’ём кантрабанды, у першую чаргу цыгарэт, зь Беларусі праз Стасілас значна вырас. Летась на Стасілас прыпала 87% цыгарэт, перахопленых на чыгунцы. У той жа час абʼём кантрабанднага патоку праз Кяну зьнізіўся пасьля ўстаноўкі там рэнтгенаўскага комплексу.

Пра рашэньне Літвы закрыць для беларускіх цягнікоў пункт пропуску «Стасілас» стала вядома 14 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прывалка — 26 гадзін на мяжы». Даведаліся, што адбываецца на памежных пераходах

Пазьней 15 лютага ў Менску пракамэнтавалі закрыцьцё аднаго з двух чыгуначных пераходаў на мяжы зь Літвой.

У Мінтрансе Беларусі заявілі, што гэтае рашэньне нібыта не паўплывае на тэхналягічную работу БЧ на беларуска-літоўскай мяжы за кошт перанакіраваныя вагонапатокаў праз чыгуначны памежны пераход «Гудагай — Кяна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пракамэнтавалі закрыцьцё аднаго з двух чыгуначных пераходаў на мяжы зь Літвой