Ціханоўская прадставіла праект пашпарту новай Беларусі і заявіла, што пасьля дэмакратычных зьмен краіна выйдзе з саюзнай дзяржавы і АДКБ

Заля пасяджэньняў Мюнхэнскай канфэрэнцыі

На сустрэчы ў Мюнхэне зь міністаркай замежных спраў Ісьляндыі – краіны, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы – дэлегацыя Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінэту прадставіла канцэпт пашпарту новай Беларусі, каб з новымі дакумэнтамі беларусы маглі падарожнічаць і легальна знаходзіцца на тэрыторыі ЭЗ.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Сьвятланы Ціханоўскай.

Тэму пашпарту ўзьнімалі і на сустрэчы з эўракамісаркай па ўнутраных справах Ільвай Югансан. У сакавіку-красавіку адбудуцца кансультацыі зь міністрамі замежных спраў адносна працэдуры выдачы такіх часовых дакумэнтаў.

Акрамя таго, з Ільвай Югансан абмеркавалі спрашчэньне візавых працэдур і выдачы міграцыйных дакумэнтаў. Дэмакратычныя сілы выказалі гатоўнасьць дапамагаць з вэрыфікацыяй беларусаў.

Падчас выступу на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Ціханоўская заявіла, што пасьля перамен Беларусь пакіне Саюзную дзяржаву з Расеяй. «Пасьля лютага 2022 году мы ня бачым ніякіх пэрспэктываў партнэрства з Расеяй – дзяржавай, якая не паважае незалежнасьць, сувэрэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасьць і нацыянальную ідэнтычнасьць сваіх суседзяў. Наша задача заключаецца ў пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі. Гэта немагчыма, пакуль Беларусь прыкутая да Масквы».

Калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя перамены, яна пакіне Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, бо «недапушчальна быць у тым жа вайсковым блёку, што і агрэсар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ўдзельнічае ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы. Яна сустрэлася з канцлерам ФРГ і камісаркай унутраных спраў Эўракамісіі
  • Сьвятлана Ціханоўская падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі сустракалася таксама з новаабраным прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам, зь якім гаварылі пра неабходнасьць вываду расейскіх войскаў зь Беларусі, зьняцьце візавых абмежаваньняў для беларускіх студэнтаў у Чэхіі.
  • З кіраўніцай Эўракамісіі Урсуляй фон дэр Ляен Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала стварэньне міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі. «Лукашэнка імкліва здае беларускі сувэрэнітэт, і неабходныя сумесныя дзеяньні, каб спыніць паглынаньне Беларусі Расеяй», – гаворыцца ў паведамленьні Офісу.
  • На сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам Ціханоўская абмеркавала будучыню бясьпекі і агульную стратэгію ў рэгіёне, заклікала Нямеччыну стаць адным зь лідэраў кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі.
  • У сваім выступе на форуме па бясьпецы Ціханоўская заклікала Эўропу да рашучасьці і пасьлядоўнасьці, абазначыла неабходнасьць прыцягненьня да адказнасьці памагатых рэжыму Лукашэнкі, падкрэсьліла неабходнасьць клапаціцца ўжо цяпер пра будучую бясьпеку рэгіёну, дзе Беларусь – адзін з ключавых элемэнтаў бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новаабраны прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл заявіў пра падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі
  • Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы — адзін з найбуйнейшых штогадовых палітычных форумаў сьвету. У ёй бяруць удзел лідэры краін і палітыкі з усіх кантынэнтаў. Сёлета ў форуме ўдзельнічаюць віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, міністар замежных спраў Кітаю Цінь Ган.