Кіраўнік вагнэраўцаў абвінаваціў Мінабароны Расеі ў спробе зьнішчыць ягоных байцоў. У Мінабароны РФ адказалі

Заснавальнік і спонсар «ЧВК Вагнэра» Яўген Прыгожын

Заснавальнік і спонсар прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра, блізкі да Пуціна бізнэсовец Яўгеній Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі ў спробе зьнішчыць ягоную прыватную вайсковую кампанію. Заяву Прыгожына апублікавала ягоная прэс-служба.

У заяве Прыгожын сьцьвярджае, што міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і кіраўнік Генэральнага штабу Валерый Герасімаў забаранілі перадаваць боепрыпасы байцам ПВК «Вагнэр».

«Начальнік Генэральнага штабу і міністар абароны раздаюць направа і налева каманды, у якіх гаворыцца аб тым, што ПВК „Вагнэр“ ня толькі боепрыпасы не даваць, а ў тым ліку і не дапамагаць авіятранспартам. Цяпер прыйшла інфармацыя, што выкрасьлілі атрыманьне сапэрных рыдлёвак, для таго каб хлопцы маглі акопвацца. Ідзе прамое супрацьдзеяньне, якое называецца ніяк інакш, як спроба зьнішчыць ПВК», — заявіў Прыгожын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў заявіў аб плянах стварыць уласную ПВК і назваў Прыгожына братам

Міністэрства абароны РФ абвергла абвінавачаньні Яўгенія Прыгожына, заявіўшы, што яны «абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці»:

«Камандаваньне аб’яднанай групоўкі войскаў (сіл) у рамках спэцыяльнай ваеннай апэрацыі надае асаблівую, пастаянную і прыярытэтную ўвагу забесьпячэньню ўсім неабходным добраахвотнікаў і вайскоўцаў штурмавых падразьдзяленьняў», — заявілі ў Мінабароны.

Паводле ведамства, «усе заяўкі на падачу боепрыпасаў для штурмавых падразьдзяленьняў выконваюцца ў найкарацейшыя тэрміны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тых хто адступіў, расстрэльваюць на месцы». Палонныя байцы з «ЧВК Вагнера» расказалі CNN пра страты і забойствы

Канфлікт ПВК Вагнэра з кіраўніцтвам Міністэрства абароны Расеі разьвіваецца даўно. Яшчэ ў сьнежні 2022 году байцы з нашыўкай ПВК запісалі відэа, у якім абразілі кіраўніка Генштабу Валерыя Герасімава і запатрабавалі даць ім снарады.