Парлямэнт Фінляндыі ўхваліў уступленьне краіны ў NATO

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг і міністар замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста. Архіўнае фота

Краіна зможа ўступіць у NATO, калі сяброўства Фінляндыі ўхваляць Турэччына і Вугоршчына. Усе астатнія краіны Альянсу ўжо падтрымалі гэтае рашэньне.

Парлямэнт Фінляндыі ўхваліў законапраект аб уступленьні ў NATO. За прагаласавалі 184 дэпутаты, супраць — сем. Яшчэ сямёх не было на паседжаньні, а адзін устрымаўся.

29 чэрвеня 2022 году краіны NATO вырашылі афіцыйна запрасіць у сябры Альянсу Фінляндыю і Швэцыю, якія раней адмовіліся ад нэўтралітэту і вырашылі ўступіць у NATO зь меркаваньняў бясьпекі пасьля нападу Расеі на Украіну.

Адобрыць пагадненьне аб прыёме ў NATO двух новых сяброў павінны ўсе 30 краін — сяброў абарончага саюзу. Адпаведнае рашэньне прынялі ўжо 28 краін.

Першапачаткова Турэччына заблякавала перамовы аб уступленьні Швэцыі і Фінляндыі ў Альянс. Аднак пазьней Турэччына, Швэцыя і Фінляндыя заключылі пагадненьне па бясьпецы, якое разблякавала працэс далучэньня абедзьвюх паўночных краін да арганізацыі.

Сярод пытаньняў Анкары да патэнцыйных партнэраў па Альянсе была падтрымка імі Рабочай партыі Курдыстану, якая ў Турэччыне лічыцца тэрарыстычнай групоўкай.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг абвясьціў, што ў рамках пагадненьня Анкара дамаглася ад Швэцыі і Фінляндыі абяцаньня экстрадаваць у Турэччыну мігрантаў, абвінавачаных Стамбулам у тэрарызьме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя будуе трохмэтровы плот на мяжы з Расеяй, асьцерагаецца наплыву мігрантаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя забароніць уезд у краіну расейскім турыстам і ня будзе даваць прытулак ухілістам ад мабілізацыі