Супраць зьняволенага расейскага апазыцыянэра Навальнага завялі справу аб тэрарызьме

Аляксей Навальны выступае на судовым паседжаньні па відэасувязі. Архіўнае фота

Супраць апазыцыйнага расейскага палітыка Аляксея Навальнага, які адбывае тэрмін у калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці, распачалі справу паводле артыкулу аб тэрарызьме: яго вылучылі з ранейшай справы за «экстрэмізм». Пра гэта паведаміў сам палітык на паседжаньні суду.

«Сьледчы паведаміў мне, што ў дачыненьні да мяне выдзелена новая справа за тэрарызм, і ў ёй мяне будзе судзіць вайсковы суд», — сказаў Навальны.

«Сота» ўдакладняе, што размова ідзе пра абвінавачаньне ў арганізацыі тэрарыстычнай арганізацыі. Раней прызнаць заснаваны палітыкам Фонд барацьбы з карупцыяй тэрарыстычнай арганізацыяй заклікалі ў Дзяржаўнай Думе Расеі.

26 красавіка Басманны раённы суд Масквы пачаў пасяджэньне аб абмежаваньні часу, выдзеленага палітыку на азнаямленьне са 196 тамамі крымінальнай справы аб экстрэмізме. Суд абавязаў Навальнага азнаёміцца з матэрыяламі справы да 5 траўня.

Справу па абвінавачаньні Навальнага ў арганізацыі і фінансаваньні экстрэмісцкай арганізацыі распачалі ў кастрычніку 2022 году. Тады ж сам Навальны паведамляў, што яго таксама абвінавацілі ў прапагандзе тэрарызму і ў закліках да яго.

Сёньня ж Навальнага 14-ы раз адправілі ў штрафны ізалятар — адразу ж пасля выхаду адтуль, паведамляецца ў яго тэлеграм-канале.

  • У чэрвені 2022 году Навальнага перавялі з калёніі агульнага рэжыму ў Пакрове ў калёнію строгага рэжыму ў Мелехаве. Крымінальны перасьлед Навальны і яго прыхільнікі лічаць палітычным.
  • У сакавіку 2023 году прыхільнікі палітыка ўстанавілі копію ШЫЗА ля Люўру ў Парыжы. Раней яна разьмяшчалася каля расейскага пасольства ў Бэрліне. Са жніўня 2022 году Навальны правёў у такой камэры больш за сто дзён, што, паводле яго адвакатаў, прывяло да рэзкага пагаршэньня стану здароўя.
  • Па словах адваката Навальнага Вадзіма Кобзева, у пачатку красавіка Навальнаму выклікалі хуткую дапамогу з прычыны абвастрэньня хваробы страўніка. Абаронца адзначыў, што дыягназ Навальнага па-ранейшаму невядомы. Кобзеў паведаміў, што будзе патрабаваць таксыкалягічных і радыялягічных тэстаў, бо ягонаму падабароннаму могуць даваць атрутныя рэчывы ў малых дозах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Оскар» для «Навальнага». Суцяшальны прыз расейскай апазыцыі

Перасьлед лідэраў апазыцыі ў Расеі

Расейскія ўлады працягваюць перасьлед як вядомых людзей, так і звычайных грамадзян, нязгодных з афіцыйнай палітыкай Крамля.

Так, сёньня, 26 красавіка пачаўся суд над апазыцыйным палітыкам Яўгенам Ройзманам за «дыксрэдытацыю арміі РФ».

Фігурантамі спраў паводле артыкулу аб «фэйках» пра расейскую армію, уведзенага у Расеі ў пачатку сакавіка, сталі раней мэдыямэнэджар Ільля Красільшчык, палітык Уладзімір Кара-Мурза, пісьменьнік Дзьмітрый Глухоўскі, адвакат Дзьмітрый Талентаў і іншыя.

У некаторых справах ужо вынесены прысуды. Так, маскоўскага муніцыпальнага дэпутата Аляксея Горынава асудзілі на 6 гадоў і 11 месяцаў турмы, палітыка Ільлю Яшына — на 8 гадоў і 6 месяцаў, Уладзіміра Кара-Мурзу — на 25 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная супольнасьць рэзка крытыкуе прысуд расейскаму апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу