Як журналістка ўкраінскай Свабоды Вера Гірыч загінула ад расейскай ракеты. Расьсьледаваньне

Журналістка Вера Гірыч, архіўнае фота

Рэдакцыя ўкраінскай службы Радыё Свабода падрыхтавала фільм-расьсьледаваньне, прысьвечаны памяці прадусаркі і журналісткі Веры Гірыч, якая загінула 28 красавіка 2022 году ў Кіеве, калі расейская ракета трапіла ў шматкватэрны дом, дзе яна жыла.

У дакумэнтальным праекце «Вера» ў дэталях раскрываюцца абставіны ракетнага ўдару з Расеі ў той дзень. Аўтар фільму — журналіст-расьсьледнік праекту «Схемы» Сяргей Андрушка.

Вера Гірыч загінула падчас ракетных абстрэлаў войскамі РФ Кіева 28 красавіка 2022 году. У той дзень у горадзе зь візытам знаходзіўся генсакратар ААН. Цела загінулай журналісткі Радыё Свабода знайшлі пад абломкамі жылога дома раніцай 29 красавіка.

У Веры Гірыч засталіся бацькі і дарослы сын. Яна працавала ў кіеўскім бюро Радыё Свабода зь лютага 2018 году, а да гэтага — на вядучых украінскіх тэлеканалах.

На гібель Веры Гірыч адрэагавалі прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША, украінскія і амэрыканскія дыпляматы, прадстаўнікі грамадзкасьці, калегі.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай сказаў:

«Мы страцілі дарагую калегу, якую будуць памятаць за яе прафэсіяналізм і адданасьць нашай місіі. Мы шакаваныя і абураныя пазбаўленым сэнсу характарам яе гібелі — дома, у краіне і горадзе, якія яна любіла. Памяць пра яе будзе натхняць нашу працу ва Ўкраіне і за яе межамі на доўгія гады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год таму расейская ракета забіла ў Кіеве журналістку Свабоды Веру Гірыч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе ў сьвеце загінулі 67 журналістаў, большасьць зь іх — ва Ўкраіне