Жыхару Лагойскага раёну, які спаліў аўтамабіль начальніка мясцовай ДАІ, прысудзілі 7 гадоў калёніі

Згарэлы аўтамабіль начальніка ДАІ Лагойскага раёну. Беларусь, Плешчаніцы, студзень 2023

Аўтамабіль начальніка ДАІ Лагойскага РАУС Менскай вобласьці Аляксея Трапезьнікава загарэўся ў ноч з 24 на 25 студзеня ў пасёлку Плешчаніцы ў двары дома.

У падпале абвінавацілі мясцовага жыхара, якога раней Трапезьнікаў пазбавіў права кіраваньня за язду на аўтамабілі ў стане апʼяненьня.

Як паведамляе прэс-служба суду Лагойскага раёну, знаходзячыся ў стане алькагольнага ап’яненьня, у Плешчаніцах, выкарыстоўваючы бэнзін і дызэльнае паліва, мужчына падпаліў аўтамабіль Opel Vectra «ад помсты за выкананьне службовых абавязкаў начальнікам аддзяленьня ДАІ міліцыі грамадзкай бясьпекі АУС Лагойскага райвыканкаму».

Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 17 885,88 рубля.

Жыхара Лагойскага раёну 3 траўня абвінавацілі ў наўмысным зьнішчэньні чужой маёмасьці, учыненай агульнанебясьпечным спосабам, што прывяло да прычыненьня шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 218 КК Беларусі). Яму прысудзілі 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама суд таксама пастанавіў спагнаць зь яго кампэнсацыю ў памеры матэрыяльнай шкоды (15 551,88 рубля), а таксама кампэнсацыю маральнай шкоды (5000 рублёў).

Раней, 24 студзеня, у двары шматкватэрнага дома ў пасёлку Плешчаніцы Лагойскага раёну ноччу згарэў аўтамабіль начальніка раённай ДАІ Аляксея Трапезьнікава.

Першапачатковай вэрсіяй здарэньня было кароткае замыканьне электраправодкі, але падчас сьледча-апэратыўных мерапрыемстваў высьветлілі, што машыну падпалілі. Праз час сілавікі затрымалі 31-гадовага мужчыну, якога летась у лістападзе пазбавілі права кіраваньня за язду на аўтамабілі ў стане апʼяненьня. Рашэньне ў яго справе выносіў менавіта Трапезьнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ж ведаю, на чым вы езьдзіце». Зьявіліся падрабязнасьці падпалу аўтамабіля начальніка Лагойскай ДАІ