Хвароба Лукашэнкі мусіла перакрыць навіну пра зьнікненьне Бабарыкі?

Віктар Бабарыка ў судзе. Менск, ліпень 2021

Не сказаць, каб моцна ўразіла масавая рэакцыя на раптоўную хваробу Лукашэнкі і зьнікненьне яго на нейкі час з грамадзкай прасторы: здаралася такое і раней. Больш важным падаецца пытаньне: што зь Віктарам Бабарыкам, рэальным прэтэндэнтам на перамогу ў выбарах 2020 году?

Хвароба дыктатара, якая аказалася не фатальнай (ці сымуляцыя хваробы — ня так гэта істотна) мусіла перакрыць у масавай сьвядомасьці навіну пра жорсткае пабіцьцё ў наваполацкай калёніі, шпіталізацыю і ўрэшце зьнікненьне Віктара Бабарыкі. Тры тыдні пра палітыка няма ніякіх зьвестак. Пабіць ці забіць яго мог загадаць толькі Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Качанавай да Ціханоўскай. Расказваем пра імаверных пераемнікаў Лукашэнкі

Давялося чуць думку, што для прыкрыцьця гэтай невядомасьці зараз можа здарыцца які-небудзь тэракт (як гэта бывала) і да чаго пастаянна рыхтуе публіку тэлевізар. Узарваць нешта і сьпісаць, натуральна, можна на Ўкраіну. Але ў тэракт сёньня мала хто паверыць, бо палка, перагнутая да канца, можа папросту зламацца. Ну і на тле вайны «нейкі» ўзарваны дом ці станцыя мэтро — слабая заслона.

Патрэбна было нешта новае, незвычайнае і нечаканае. Напрыклад, хвароба Лукашэнкі, чаго так паказальна ніколі не здаралася і што пры тым многімі ўспрымалася не як трагедыя, а як чаканая палёгка.

Увогуле, гэта даўняя практыка, калі зьнікалі рэальныя канкурэнты Лукашэнкі, публіка гэта «зьядала» і забывала. Але адна рэч, калі чалавек зьнік па дарозе ў лазьню, а іншая — калі яго забілі ў турме. Вось паказалі, як Вітольд Ашурак у турме «забіўся сам». Хто ня ведае Ашурка, а такіх большасьць, можа і паверыць. З Бабарыкам, якога ведаюць усе, не паказалі і не сказалі нічога. І час, каб «замяць па-хуткаму» мінуў. Што застаецца дыктатару?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі ня могуць знайсьці Віктара Бабарыку, ім кажуць пра «шпіталь у Калядзічах»

Калі б Лукашэнка дакладна ведаў, што Бабарыка жывы і яго заўтра можна будзе паказаць публіцы, не было б такога алярму, калі самому чуткамі пра «ўласную сьмерць» давядзецца «прыкрываць» сьмерць канкурэнта. Хоць бы на некалькі дзён, пакуль адсутнасьць інфармацыі пра Бабарыку ня стане будзённасьцю — як з тымі, хто «зьнік» на волі, пакуль ня зьявяцца чуткі, што Ганчара бачылі ў Бразыліі ў белых штанах. Пакуль, урэшце, апазыцыянэры самі сваімі заявамі не абясцэняць асобу «газпромаўскага агента» Бабарыкі, а значыць, і ягонае забойства.

Трэба ўяўляць сабе, наколькі гэта небясьпечная «гульня» ва ўмовах тыраніі — абясцэньваньне забойства за кратамі. Вярнуцца да нармальнай чалавечай маралі будзе зусім ня проста. Яшчэ цяжэй вярнуцца да выкананьня ўжо абясцэненых законаў. Бо проста ня будзе каму вяртацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці магчымая прапаганда па-беларуску, чаму Бабарыка не адкупіўся ад турмы і як сьмерць Лукашэнкі паўплывае на рэпрэсіі