Лукашэнка ацаніў магчымасьці ўкраінскага контранаступу і заклікаў да перамоваў

Аляксандар Лукашэнка 16 траўня 2023 году

Аляксандар Лукашэнка зноў заклікаў Украіну да перамоў з Расеяй на аснове «ўзаемапаважлівага» дыялёгу.

Аляксандар Лукашэнка сказаў удзельнікам пасяджэньня Савету Парлямэнцкай асамблеі АДКБ, якое праходзіць у Менску, што ўкраінскае войска нібыта ня мае патэнцыялу для контранаступу.

«Мушу сказаць, самая вялікая дэзынфармацыя — гэты „контранаступ“. Ніякага „контранаступу“, на мой погляд, няма і быць ня можа. Адзін да пяці на фронце ваяваць у тэхніцы і жывой сіле — гэта проста вар’яцтва! Не, трэба нагнятаць, трэба накручваць украінцаў, каб працягваць і ўтапіць нас у гэтым супрацьстаяньні. У гэтым сёньня сутнасьць на фронце. Мы гэта бачым. Гэта ў нас проста за плотам», — цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА зь ягонага выступу перад удзельнікамі пасяджэньня Савету Парлямэнцкай асамблеі АДКБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адрэагавалі на заклік кіраўніка беларускага МЗС аб тэрміновых перамовах з Расеяй

Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заклікаў Украіну да перамоваў.

«Перш, чым нас абвінавачваць у канфрантацыі, павелічэньні гэтага канфлікту, трэба вярнуцца за стол перамоў. Узяць ня той дакумэнт (які выпрацоўваўся на пачатковым этапе ў часе некалькіх раўндаў расейска-ўкраінскіх перамоў), новы. Для таго, каб спыніць вайну», — цытуе БелТА Лукашэнку.

Пры гэтым ён зьвярнуў асобную ўвагу на тое, што перамовы мусяць адбывацца на аснове «ўзаемапаважлівага і раўнапраўнага дыялёгу».

«Усялякія папярэднія ўмовы, якія сёньня Ўкраіна, прэзыдэнт Украіны выстаўляе, — гэта ўжо абсалютна зразумела, гэта з мэтай не дапусьціць ніякіх перамоў. Якія могуць быць папярэднія ўмовы? Трэба сесьці за стол перамоваў і ўжо там выпрацоўваць розныя ўмовы», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

З такімі прапановамі ён ужо выступаў у часе свайго выступу з «пасланьнем да народу і парлямэнту» 31 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў «пасланьні да народу і парлямэнту» заявіў, што аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі

Як Лукашэнка падтрымаў расейскую вайну супраць Украіны

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне суперніка зь Беларусі.