Акцыя салідарнасьці ў Вільні: 150 торбаў як нагадваньне пра палітвязьняў Беларусі. ФОТАФАКТ

150 торбаў на Катэдральнай плошчы Вільні

На Катэдральнай плошчы ў Вільні 21 траўня адбылася акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, якую супольна праводзяць беларускія арганізацыі і грамадзкія дзеячы.

Удзельнікі паставілі на плошчы 150 торбаў, якія выступаюць напамінам пра больш за 1500 палітвязьняў у Беларусі.

Торбы — на турэмным жаргоне «кэшары», выкарыстоўваюцца для асабістых рэчаў палітвязьняў. Яны вымушаныя цягнуць іх з сабой у няпростых умовах на «этапах» — напрыклад, пры пераезьдзе ў новую калёнію.

Шэраг акцый салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі Беларусі ўжо адбыўся 19-20 траўня. На 21 траўня таксама заплянаваныя акцыі ў шэрагу краін.

Агулам за тры дні шэсьці і мітынгі беларусаў і салідарных зь Беларусьсю адбудуцца ў 27 гарадах 12 краін сьвету ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Польшчы ў Беларусі падтрымаў палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі расклад акцый салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі 19–21 траўня