Хроніка перасьледу 22 траўня: У Воршы пасьля вяртаньня з Расеі затрымлівалі шоўмэна; выйшаў на волю гомельскі актывіст Ільля Міронаў

Канстанцін Баяндзін

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Воршы затрымлівалі 26-гадовага Канстанціна Баяндзіна, паведамляе Orsha.eu. Канстанцін вяртаўся з Масквы, і сілавікі праверылі ў яго мабільны тэлефон, удакладняе выданьне.

Канстанцін Баяндзін паходзіць зь Менску, працуе шоўмэнам у Маскве, паводле некаторай інфармацыі, ён уваходзіць у каманду вядомага блогера Ўлада Бумагі ці супрацоўнічаў зь ім. Канстанцін скончыў факультэт журналістыкі БДУ, перамагаў у конкурсе «Містэр журфак» і нават быў «Студэнтам году БДУ».

Пазьней тэлеграм-канал «Медиазона. Беларусь» паведаміў, што пасьля праверкі тэлефона Баяндзіна адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 год калёніі прысудзілі менскаму блогеру за «лісты ў МВФ з заклікамі да санкцый супраць Беларусі»

Гомельскі актывіст Ільля Міронаў выйшаў на волю пасьля 10 дзён адміністрацыйнага арышту

11 траўня Ільля пайшоў у РАУС на «прафіляктычную размову», пасьля яе актывіста і затрымалі. 21 траўня Міронаў выйшаў на волю, паведаміла ў Facebook ягоная маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскага актывіста Ільлю Міронава арыштавалі на 10 дзён