«Навіна пра „памілаваньне“ Пратасевіча зьявілася, каб адцягнуць увагу ад суду над Эдуардам Бабарыкам», — Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

На просьбу Свабоды інфармацыю пра памілаваньне Рамана Пратасевіча пракамэнтавала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Яна лічыць, што «памілаваньне» Пратасевіча было прадказальным.

«Гэтае „памілаваньне“ будуць выдаваць як „гуманнае стаўленьне да палітзьняволеных“. Але насамрэч навіна зьявілася сёньня, каб адцягнуць увагу ад суду над Эдуардам Бабарыкам, які ўжо тры гады ў СІЗА, ад зьнікненьня палітыкаў у калёніях. Адцягнуць увагу ад таго, што ў калёніі зноў праблемы са здароўем у Марыі Калесьнікавай. Што мы ўжо колькі часу ня ведаем, што зь Віктарам Бабарыкам, зь Сяргеем Ціханоўскім», — сказала палітык.

Яна дадала, што разам з камандай будзе працягваць настойваць на тым, каб усе палітвязьні выйшлі на волю, каб да іх дапусьцілі родных і адвакатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы рэдактар Nexta Пратасевіч паведаміў, што Лукашэнка яго памілаваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сурова асудзілі і тут жа даравалі. Якой была цана памілаваньня Рамана Пратасевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён застаецца ў палоне» ці «адплацілі за ўгоду з сумленьнем»? Праваабаронцы і журналісты — пра памілаваньне Пратасевіча
  • Рамана Пратасевіча судзілі разам са Сьцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам. Апошніх двух — завочна. Іх абвінавацілі ў распальваньні варожасьці, арганізацыі масавых беспарадкаў, публічных закліках да захопу ўлады, паклёпе на Лукашэнку і закліках да тэрарызму.
  • Менскі абласны суд прысудзіў Сьцяпану Пуцілу 20 гадоў калёніі, Яну Рудзіку — 19, абодвум завочна. Пратасевіча пакаралі 8 гадамі зьняволеньня. Але пазьней памілавалі.