Парлямэнцкая асамблея NATO заявіла аб намеры пакараць беларускі рэжым за суагрэсію

Сьвятлана Ціханоўская выступае на Парламенцкай асамблеі NATO ў Люксембургу

У прынятай сёньня на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі NATO ў Люксэмбуру дэкларацыі беларускі рэжым названы суагрэсарам Расеі ў вайне супраць Украіны і згадваецца ў кантэксьце пакараньня за «магчымыя акты генацыду».

У дакумэнце заяўляецца аб рашучасьці прыцягнуць да адказнасьці «расейскі рэжым, яго суагрэсараў у асобе беларускага рэжыму і ўсіх іншых вінаватых, у тым ліку за злачынствы агрэсіі, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і магчымыя акты генацыду, учыненыя ва Ўкраіне».

Парлямэнцкая асамблея NATO таксама выказвае занепакоенасьць «падтрымкай беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расеі, у прыватнасьці выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі ў мэтах навучаньня і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнцкая асамблея NATO прызнала генацыдам злачынства Расеі супраць Украіны

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на пасяджэньні палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі NATO прадставіла распрацаваны дэмакратычнымі сіламі плян руху Беларусі ў бок эўрапейскай пэрспэктывы.

Сьвятлана Ціханоўская выступае на Парламенцкай асамблеі NATO ў Люксембургу

Сёньня падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі NATO Жаэлем Гар’ё-Майлам Ціханоўская ўзьняла тэму прыцягненьня Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за выкраданьне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Парлямэнцкай асамблеі NATO Ціханоўская будзе гаварыць пра «барацьбу за дэмакратычную будучыню Беларусі ў кантэксьце вайны»

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай пры прэзыдэнце РФ у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з падазрэньнем у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАУ прадставіла ў Страсбургу справаздачу аб ролі рэжыму Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей

Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы аналягічнага ордэру ў дачыненьні да Лукашэнкі — з-за таго, што Беларусь прымае ў сябе дзяцей з акупаваных РФ украінскіх тэрыторый.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў прынятай 27 красавіка рэзалюцыі заклікала міжнародную супольнасьць «падтрымаць судовы перасьлед і прыцягненьне да адказнасьці» за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей сярод іншых асобаў і Аляксандра Лукашэнку, «самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі».