У чэрвені на Падляшшы пройдзе другі фэстываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj

Ілюстрацыйная выява

Фэстываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj пройдзе 9, 10, 18 і 24 чэрвеня.

Арганізатар фэстывалю Soncahraj — Фундацыя TUTAKA.

Галоўная ідэя імпрэзы — прэзэнтацыя традыцыйнай, несцэнічнай беларускай культуры. Арганізатары маюць намер паказаць традыцыйную беларускую культуру як зь Беларусі, так і з Падляшша, з мэтай вярнуць у агульную культурніцкую прастору традыцыйнага фальклёру народную культуру беларусаў Падляшша. Арганізатары тлумачаць свой намер тым, што беларусы Падляшша шмат дзесяцігодзьдзяў адрэзаныя мяжой ад Беларусі, і пра гэтую сьпеўную спадчыну шырокаму колу беларусаў мала што вядома.

Апроч канцэртаў, на фэстывалі плянуюцца прэзэнтацыі і майстар-клясы. Некаторыя майстар-клясы, прымеркаваныя да фэсту, праходзяць ужо цяпер. Іх мэта — наблізіць мясцовы фальклёр да гуртоў, якія яго пакуль не сьпяваюць, або пашукаць мясцовы фальклёр і вярнуць яго ў рэпэртуар гуртоў, якія раней сьпявалі яго.

Сярод калектываў — гурт «Каляжанкі», які выконвае традыцыйны фальклёр Століншчыны, гурт «Беларускі цуд» зь Вільні, капэла «Колісьнія» зь Беларусі. Беларускі гурт «Мярэжа» будзе выступаць у фінале і пакажа, як выглядае сапраўднае Купальле.

  • 9 чэрвеня фэст распачнецца ў Дубічах Царкоўных,
  • 10 чэрвеня перамесьціцца ў Саколі.
  • 18 чэрвеня будзе адбывацца ў Супрасьлі, у гарадзкім парку.
  • 24 чэрвеня пройдзе гранд-фінал фэстывалю ў Бандарах над Семяноўскім вадасховішчам. Там і адбудзецца сьвяткаваньне Купальля.

Падрабязны расклад тут. Уваход на фэстываль бясплатны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як падтрымаць рэпрэсаваных прадстаўнікоў творчых прафэсій? Расказваем пра каталёг паслуг ад «Дома творцаў» у Варшаве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды паехаць гэтым летам? Пра музычныя фэстывалі ў Беларусі і за мяжой