Рэдактар «Ганцавіцкага часу» адмовіўся ісьці на гутарку ў РАУС бяз позвы

Павал Дайлід

Да журналіста прыяжджалі двое сілавікоў.

Рэдактар незалежнага выданьня «Ганцавіцкі час» Павал Дайлід адмовіўся прыехаць «на гутарку» ў Івацэвіцкі РАУС. З адпаведнай прапановай да журналіста зьвярнуліся супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі раніцай 19 чэрвеня да яго дадому.

«Ганцавіцкі час» напісаў, што сілавікоў было двое — «адзін у міліцэйскай форме, другі ў цывільным адзеньні».

«Міліцыянт сказаў, што зь ім хочуць паразмаўляць у РАУС наконт сытуацыі, якая адбылася 17 чэрвеня каля крамы „Санта“ ў Івацэвічах», — паведамляе газэта.

У адказ журналіст заявіў, што «паразмаўляць неназваная службовая асоба можа, патэлефанаваўшы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля затрыманьня расейца ў Івацэвічах рэдактара выданьня «Ганцавіцкі час» выклікалі ў РАУС

Дайлід настаяў на тым, каб яго выклікалі ў РАУС па позьве, указаўшы ў ёй, «у якой справе ён выклікаецца», у «якасьці каго» і «ў якім прававым статусе». Журналіст таксама «заявіў вуснае хадайніцтва, што яму трэба будзе час для заключэньня дамовы з адвакатам». Пасьля гэтага супрацоўнікі міліцыі зьехалі.

«Ганцавіцкі час» нагадаў пра затрыманьне рэдактара летась, калі пасьля трох дзён у ізалятары Дайліду «далі адказ, што ніякіх парушэньняў у яго дзеяньнях няма». На скаргу наконт затрыманьня, якую журналіст накіраваў у пракуратуру і Сьледчы камітэт, адказу не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты даведаліся, што стала з расейскім кантрактнікам, якога п'яным затрымала міліцыя ў Івацэвічах