Беларуская праваслаўная царква заклікала папскага прадстаўніка абмежаваць дзейнасьць грэка-каталікоў у Беларусі

Мітрапаліт Беларускай праваслаўнай царквы Веньямін і арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, 30 чэрвеня 2023 году ў Менску

30 сакавіка 2023 папа Рымскі ўхваліў рашэньне аб заснаваньні Апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі — грэка-каталікоў.

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Веньямін заявіў, што разьвіцьцё грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі нібыта пагражае «напружанасьцю ў міжрэлігійных дачыненьнях».

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), якая падпарадкоўваецца Расейскай праваслаўнай царкве, пытаньне разьвіцьця грэка-каталіцкай царквы 30 чэрвеня абмяркоўвалі на сваёй сустрэчы мітрапаліт Веньямін, папскі легат, прэфэкт дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў Сьвятога пасаду арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці і апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.

Сёлета 30 сакавіка папа Рымскі ўхваліў рашэньне аб заснаваньні Апостальскай адміністратуры для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі — грэка-каталікоў.

Згодна з Кодэксам кананічнага права Апостальская адміністратура прыраўноўваецца паводле статусу да эпархіі і прадугледжвае заснаваньне герархіі і сану біскупа.

«Прынятае ў дачыненьні да беларускіх грэка-каталікоў рашэньне выклікала зьдзіўленьне ў праваслаўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь, паколькі гэтае рашэньне не садзейнічае зацьвярджэньню міру на беларускай зямлі і, наадварот, можа ўнесьці напружанасьць у міжрэлігійныя адносіны ў Беларусі. Пра гэта Беларуская праваслаўная царква афіцыйна апавясьціла прадстаўнікоў рыма-каталіцкай Царквы», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні БПЦ.

На афіцыйным сайце Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі пацьвердзілі, што на гэтай сустрэчы арцыбіскуп Гуджэроцьці патлумачыў мітрапаліту Веньяміну прычыны рашэньня папы Францішка аб прызначэньні Апостальскага адміністратара для каталікоў бізантыйскага абраду ў Беларусі.

«Пры гэтым прадстаўнік папы запэўніў у безумоўнай павазе да Беларускай праваслаўнай царквы і ўвазе з боку Сьвятога пасаду да клопатаў і спадзяваньняў яе вернікаў і герархіі, а таксама ў гатоўнасьці да працягу адкрытага дыялёгу ў духу братэрства па ўсіх пытаньнях, якія становяць агульны інтарэс», — адзначаецца ў афіцыйным камэнтары.

  • Па стане на пачатак 2020-х у Беларусі дзейнічае 14 грэка-каталіцкіх парафій, у тым ліку чатыры ў Менску, вернікаў некалькі тысяч.
  • Уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква, створаная ў выніку Берасьцейскай уніі 1596 году, існавала на тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Беларусь да ліквідацыі яе царскімі ўладамі ў 1839 годзе. На Падляшшы ўніяцтва пратрымалася да 1876 году.
  • У XVIII i XIX стагодзьдзях уніятамі была абсалютная большасьць беларусаў.
  • На Галічыне, дзе ў Аўстрыйскай імпэрыі ўніяцтва захавалася, гэтая царква стварыла моцную апору грамадзянскай супольнасьці і нацыянальнага руху ўкраінцаў.
  • Адрадзілася грэка-каталіцкая царква ў постсавецкай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што насамрэч абмяркоўвалі спэцпасланьнік папы Рымскага і кіраўнік МЗС Беларусі

Папскі легат, прэфэкт дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў Сьвятога пасаду арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці знаходзіўся ў Беларусі 30 чэрвеня — 1 ліпеня ў якасьці спэцыяльнага пасланьніка папы Рымскага Францішка для ўдзелу ў сьвяткаваньнях, прысьвечаных 25-й гадавіне каранацыі абраза Будслаўскай Божай Маці.

Традыцыйныя ўрачыстасьці ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці (Будслаўскі фэст) адбыліся 30 чэрвеня — 1 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эміграцыя, прыгнечанасьць і адыход ад Касьцёла. Вернікі расказалі, чаму зьменшыліся пілігрымкі ў Будслаў