Зяленскі пра атаку на Маскву: «Вайна вяртаецца на тэрыторыю Расеі»

Пасьля атакі дронаў на «Масква-Сіці»

Заява прэзыдэнта Ўкраіны прагучала пасьля нападу беспілётнікаў на раён дзелавога кварталу Масквы 30 ліпеня.

«Вайна вяртаецца на тэрыторыю Расеі – да яе сымбалічных цэнтраў і ваенных баз, і гэта непазьбежны, натуральны і абсалютна справядлівы працэс», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

У ноч на нядзелю беспілётныя лятальныя апараты атакавалі дзелавы квартал «Масква-Сіці» ў расейскай сталіцы. Як паведамілі расейскія дзяржаўныя СМІ, у офісных будынках выбітае шкло, пашкоджаныя памяшканьні. Паводле ТАСС, пацярпеў адзін чалавек – ахоўнік.

У будынках «Масква-Сіці» знаходзяцца, апроч іншых, офісы Мінэканомікі, Мінпрамгандлю, Міністэрства лічбавага разьвіцьця, Растурызму, Расстандарту і Расмаёмасьці. Па словах відавочцаў, пасьля нападу дронаў па вуліцы разьляцеліся службовыя дакумэнты, якія належаць, як мяркуецца, Міністэрству лічбавага разьвіцьця.

Кіраўніцтва кампаніі «Яндэкс» пасьля начнога нападу на «Масква-Сіці» забараніла сваім супрацоўнікам працаваць у офісах у Маскве па начах, паведамляе тэлеграм-канал «Можам растлумачыць» са спасылкай на працаўнікоў кампаніі. Паводле суразмоўцаў каналу, у офісах кампаніі рэгулярна працавалі па начах.

  • Апошнім часам нападам беспілётнікаў усё часьцей падвяргаюцца ня толькі рэгіёны, якія мяжуюць з Украінай, але і цэнтральныя рэгіёны Расеі. Толькі за ліпень гэта ўжо чацьвёртая спроба атакаваць дронамі Маскву. 24 ліпеня адзін беспілётнік урэзаўся ў бізнэс-цэнтар, а другі ўпаў на адзін з будынкаў Міністэрства абароны. Расейскія ўлады абвінавачваюць у атаках Кіеў. Украінскі бок атакі, як правіла, не камэнтуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскву зноў атакавалі дроны, два зь іх патрапілі ў вежы «Масква-Сіці»