У магілёўскай школе створаная кляса «Юны пракурор». Дзеці будуць насіць форму і наведваць суды

У магілёўскай сярэдняй школе № 2 з ініцыятывы пракуратура вобласьці адкрытая профільная кляса «Юны пракурор». Вучні будуць насіць форму і наведваць судовыя працэсы.

У клясу будуць залічваць дзяцей па выніках навучаньня на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (пасьля 9 клясы), паведамляе Reform.by. Іх адзнакі па профільных прадметах (грамадазнаўства і ангельская мова), а таксама сярэдні бал павінны быць не ніжэйшыя за 7.

Пры згодзе бацькоў школьнікі будуць насіць форму, падобную да пракурорскай. Юныя пракуроры будуць наведваць выязныя судовыя пасяджэньні і мерапрыемствы, якія праводзяцца пракуратурай.

«Школьнікі, навучаючыся ў дадзенай клясе, атрымаюць магчымасьць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй стварэньня органаў пракуратуры, асноўнымі кірункамі дзейнасьці пракурораў і іх паўнамоцтвамі ў розных сфэрах. У рамках навучальнага працэсу заплянавана наведваньне навучэнцамі органаў пракуратуры, выязных судовых паседжаньняў па крымінальных і грамадзянскіх справах, залі гісторыі пракуратуры вобласьці, урачыстых цырымоніяў прынясеньня прысягі і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяцца пракуратурай», — паведаміла пракуратура Магілёўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 6 месяцаў 2023 году паводле «пратэставых» артыкулаў асудзілі 29 непаўналетніх. Рэпрэсіі ў Беларусі ў лічбах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Швед ініцыявалі аднаўленьне вайсковай пракуратуры, бо «цяпер сытуацыя іншая»