ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавія» і Менскага заводу цывільнай авіяцыі. Хто яшчэ апынуўся пад санкцыямі

Ілюстрацыйнае фота. Самалёт авіякампаніі «Белавія», якая трапіла пад санкцыі

Злучаныя Штаты пашырылі санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, паведаміла 9 жніўня Міністэрства фінансаў ЗША.

У санкцыйны сьпіс увайшлі авіякампанія «Белавія», Менскі завод цывільнай авіяцыі, Беларускі мэталюргічны завод і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

Зь фізычных асобаў пад абмежаваньні трапілі дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Ігар Маршалаў, ягоныя намесьнікі Ігар Сяліцкі і Дзьмітры Францкевіч і супрацоўнік дэпартамэнту Арцём Дунько. Таксама пад санкцыямі апынуўся гендырэктар ААТ «Беларускі мэталюргічны завод — кіроўная кампанія холдынгу «БМК» Дзьмітры Корчык, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітры і Віталь Алексіны і ягоная жонка Іна Алексіна.

Таксама ЗША ўвялі забарону на выдачу амэрыканскіх візаў у дачыненьні да яшчэ 101 дзяржаўнага чыноўніка Беларусі і зьвязаных зь імі асобаў, паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Унесены ў санкцыйны сьпіс самалёт Bombardier CRJ-200ER, паводле зьвестак парталаў маніторынгу авіяцыйнай актыўнасьці, належыць ураду Беларусі. Ім, сярод іншага, карыстаюцца сыны Аляксандра Лукашэнкі Віктар і Дзьмітры.

Пры гэтым у дачыненьні да «Белавія» выдадзеная так званая генэральная ліцэнзія, якая дае магчымасьць часова ажыцьцяўляць зь ёю трансакцыі «ў мэтах бясьпекі цывільнай авіяцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія пашырыла санкцыі супраць Беларусі. У сьпісе шэсьць прадпрыемстваў
  • Санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску ўвялі ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі, афіцыйныя вынікі якіх ЗША не прызналі.
  • 9 жніўня новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўвяла і Канада: у адказ на парушэньні правоў чалавека і саўдзел расейскай агрэсіі супраць Украіны санкцыі ўвялі супраць 9 фізычных і 7 юрыдычных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада пашырыла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі