Пастара царквы «Новае жыцьцё» Ганчарэнку і ягонага зяця адправілі на «суткі»

Вячаслаў Ганчарэнка на фоне будынку царквы «Новае жыцьцё», каляж

Пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведаміў у Фэйсбуку хрысьціянскі актывіст Сяргей Мельянец.

Паводле яго, Вячаслава Ганчарэнку судзілі паводле артыкула 24.3 КаАП Беларусі (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў).

Зяця Ганчарэнкі, Ільлю Будая, арыштавалі на 5 дзён паводле артыкула 19.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта выкарыстоўваў нецэнзурную лексыку і размахваў рукамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастара царквы «Новае Жыцьцё» Ганчарэнку затрымлівалі «20 аўтаматчыкаў»
  • Пастара менскай пратэстанцкай царквы «Новае Жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнку і ягонага зяця Ільлю Будая затрымалі 14 жніўня пасьля ператрусу ў доме. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», у яго дом 14 жніўня «ўварвалася 20 аўтаматчыкаў» з ГУБАЗіК МУС.
  • 20 чэрвеня стала вядома пра знос будынку царквы. На гэтым месцы нібыта плянуецца пабудаваць школу. Пасьля здарэньня Ганчарэнка накіраваў зварот да ўладаў, у якім назваў знос будынку «фатальнай памылкай», пасьля якой «непазьбежна будуць наступствы».
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пастар Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў. У лютым 2021 году царкву прымусова выселілі з культавага будынку, у які вернікі пераабсталявалі былы кароўнік. У верасьні 2022 году Ганчарэнку затрымалі і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3,2 тысячы рублёў).
  • Царква была заснаваная ў 1992 годзе. Улады пачалі яе перасьледаваць на пачатку нулявых гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастар царквы «Новае жыцьцё» пра знос будынку: «Прасіце літасьці ў Бога, каб ён дараваў вам»