Беларусь дэнансавала яшчэ адну міжнародную канвэнцыю ў сфэры аховы прыроды

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Ілюстрацыйнае фота

Беларусь далучылася да гэтага міжнароднага дакумэнту 7 лютага 2013 году.

Аляксандар Лукашэнка сваім указам дэнансаваў Бэрнскую канвэнцыю аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісаную ў 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы.

Адпаведны ўказ апублікавалі на прававым партале Беларусі.

Беларусь далучылася да гэтага міжнароднага дакумэнту 7 лютага 2013 году.

Канвэнцыя вызначае віды флёры і фаўны, якія патрабуюць строгай аховы, а таксама забароненыя мэтады адлову жывёл і абыходжаньня з расьлінамі.

Удзельнікамі гэтай канвэнцыі пасьля выхаду зь яе Беларусі застануцца 39 дзяржаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь спыняе ўдзел у Орхускай канвэнцыі. Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ

У ліпені 2022 году стала вядома, што Беларусь спыніла свой удзел у Орхускай канвэнцыі.

Орхуская канвэнцыя — канвэнцыя Эўрапейскай эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя». Яе мэта — абарона права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе для яго здароўя і дабрабыту, на ўдзел грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, датычных гэтай тэмы.

У Беларусі прасоўваньнем палажэньняў Орхускай канвэнцыі доўгі час займалася арганізацыя «Экадом». Арганізацыя дамагалася выкананьня палажэньняў канвэнцыі ў тым ліку пры будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Аднак 31 жніўня ўлады зьліквідавалі яе, як і сотні іншых недзяржаўных арганізацый. Гэта першы выпадак, калі зьліквідавалі арганізацыю, якая камунікавала з Камітэтам выкананьня Канвэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орхуская канвэнцыя ААН, «Усходняе партнэрства»: Зь якіх арганізацый і пагадненьняў беларускія ўлады выйшлі пасьля жніўня 2020 году