Прапагандыст Шпакоўскі атрымаў пасаду ў амбасадзе Беларусі ў Маскве

Аляксандар Шпакоўскі

Тэлеграм-канал АТН паведаміў аб прызначэньні прапагандыста Аляксандра Шпакоўскага на дыпляматычную пасаду.

Паводле АТН, Шпакоўскі прызначаны дарадцам-пасланьнікам амбасады Беларусі ў Расеі.

Звычайна ў дыпляматычнай місіі дарадца-пасланьнік зьяўляецца другой асобай пасьля амбасадара. Аднак пакуль невядома, ці атрымаў Шпакоўскі разам з пасадай і дыпляматычны ранг дарадцы-пасланьніка альбо надзвычайнага і паўнамоцнага дарадцы-пасланьніка.

Аляксандар Шпакоўскі — адзін з найбольш адыёзных праўладных прапагандыстаў, сталы ўдзельнік прапагандысцкіх перадачаў на расейскім тэлебачаньні. У сваім тэлеграм-канале ён апраўдвае палітыку Пуціна і Лукашэнкі, рэзка нэгатыўна выказваецца пра апанэнтаў улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандысты Лукашэнкі або ня вераць у сьмерць Прыгожына, або лічаць, што яго забілі замежныя спэцслужбы