У Гомлі за «экстрэмізм» затрымалі мясцовага камуніста і актывіста БРСМ

Абвестка пра зьнікненьне Аляксандра Лебедзева

1 верасьня валянтэры пошукава-выратавальнага аб’яднаньня «Сімуран» аб’явілі аб пачатку пошукаў Аляксандра Лебедзева. Але прычына ягонага зьнікненьня неўзабаве высьветлілася.

Спачатку ў сваіх сацсетках пашукавікі паведамілі, што прыступілі да пошукаў Аляксандра Лебедзева пасьля пацьверджаньня ад міліцыі, што чалавек сапраўды зьнік. Заява была напісана ў Чыгуначнае РАУС Гомлю.

Выданьне «Флагшток» даведалася прычыну зьнікненьня праўладнага актывіста.

Празь некалькі гадзін актывісты «Сімурану» напісалі, што Лебедзеў знойдзены падчас правядзеньня пошукавых мерапрыемстваў, ён жывы.

Аб прычыне зьнікненьня Лебедзева «Флагштоку» распавёў яго знаёмы:

«Адбылася клясычная жахлівая памылка — Аляксандар быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў Савецкае РАУС. Гэта было 31 жніўня ў другой палове дня. Прычынай затрыманьня стала падпіска на адзін з „экстрэмісцкіх“ рэсурсаў. У міліцэйскім палоне Лебедзеў правёў ноч. На наступны дзень з палону яго выбавілі бацькі».

Аляксандар Лебедзеў — 22-гадовы настаўнік хіміі сярэдняй школы № 49 горада Гомлю. Ён зьяўляецца чальцом БРСМ, камуністычнай партыі і ўдзельнічае практычна ва ўсіх праўладных мерапрыемствах у горадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая «ябацька» Сьвятлана Вараніца, якая крытыкуе Азаронка і Бондараву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто даў дазвол чыноўніцы крытыкаваць прапагандыста Азаронка?— меркаваньне былога чыноўніка Арцёма Брухана