Украіна атрымала і ўпершыню выкарыстала амэрыканскія дальнабойныя ракеты ATACMS

Тактычная ракетная сыстэма арміі ЗША (ATACMS)

Раніцай крыніцы The Wall Street Journal і Politico паведамілі, што Вашынгтон нядаўна таемна паставіў Кіеву ракеты ATACMS далёкага радыюсу дзеяньня, а 17 кастрычніка ўкраінская армія ўпершыню прымяніла іх для ўдару па расейскіх войсках.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце паведаміў, што Ўкраіна выкарыстала супраць войскаў амэрыканскія ракеты ATACMS.

«Сёньня асаблівая падзяка Злучаным Штатам. Нашы дамоўленасьці з прэзыдэнтам Байдэнам выконваюцца. Выконваюцца вельмі дакладна — ATACMS сябе паказалі», — заявіў Зяленскі ў сваім звароце.

Пазьней Белы дом таксама пацьвердзіў пастаўку Ўкраіне дальнабойных ракет ATACMS.

«Мы лічым, што ракеты ATACMS значна падвысяць баявыя магчымасьці Ўкраіны бяз рызыкі паслабленьня нашай (амэрыканскай) ваеннай гатоўнасьці», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дома Эдрыен Уотсан.

Паводле яе, ЗША «нядаўна» адправілі ва Ўкраіну ракеты ATACMS у мадыфікацыі з далёкасьцю дзеяньня 165 км.

Як сьцьвярджае выданьне Politico, 17 кастрычніка Ўзброеныя сілы Ўкраіны ўдарылі ракетамі ATACMS па вайсковых аэрадромах у акупаваных Бярдзянску і Луганску. Пра ўдары па Бярдзянску і Луганску сёньня паведамлялі і Сілы спэцыяльных апэрацый Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: ЗША перададуць Украіне невялікую колькасьць ракет ATACMS
  • Кіеў зь мінулага году прасіў у Вашынгтона ракеты ATACMS з радыюсам дзеяньня да 300 кілямэтраў. Пастаўка такіх ракет азначала б, што патэнцыйнымі цэлямі ўдараў маглі б быць расейскія аб'екты практычна на ўсёй акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку анэксаваны Крым.
  • Пра тое, што ЗША гатовыя перадаць УСУ невялікую колькасьць ракет, амэрыканскія СМІ пісалі ў верасьні на фоне візыту Ўладзіміра Зяленскага ў Злучаныя Штаты. У Вашынгтоне не было адзінства ў пытаньні паставак гэтых ракет — іх у арсэнале ЗША ня так шмат. Акрамя таго, некаторыя палітыкі і чыноўнікі асьцерагаюцца, што пастаўка ATACMS можа прывесьці да далейшага абвастрэньня амэрыканска-расейскіх адносін.
  • Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава 15 верасьня заявіла, што пры пастаўцы «ракет большай далёкасьці» Ўкраіне ЗША «пяройдуць чырвоную рысу» і стануць бокам канфлікту.