Можа, чытаць Леніна і вучыцца не гаварыць праўды? Што рабіць, калі вы ня выехалі зь Беларусі

Акцыя пратэсту ў Беларусі, 2021

Рэвалюцыі заўсёды робяцца ўнутры краіны, а ня звонку. Палітычная эміграцыя — гэта каштоўная рэзэрва ці трэнавальны лягер, але так ці інакш выгнаньнікі могуць быць толькі групай падтрымкі для руху ўнутры краіны і займацца падрыхтоўкай да вяртаньня ў Беларусь.

У 2020 годзе за Ціханоўскую прагаласавала каля трох мільёнаў чалавек. Зьехалі, магчыма, 250 тысяч. І непрыняцьце Лукашэнкі ў беларускім грамадзтве, як можна сабе ўявіць, за гэтыя гады толькі вырасла і чакае свайго часу.

Дык што рабіць, калі вы засталіся на тэрыторыі Беларусі? У мяне амаль няма адпаведнага досьведу, але з парадамі справа ня ў тым, даваць іх ці не, а ў тым — прымаць ці не. Таму вось некалькі думак — можа, камусьці яны будуць карыснымі ці хаця б натхняць на ўласныя разважаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «сутак» да прастрэленых каленяў: праваабаронцы сабралі факты перасьледу беларусаў за антываенную пазыцыю

Чытайце клясыкаў

Так, чытайце: напрыклад, пра жыцьцё савецкіх дысыдэнтаў, якім даводзілася не лягчэй, чым вам. Ці, наадварот, таго ж Уладзіміра Леніна, каму помнік стаіць у кожным беларускім горадзе. Ня тыя творы, дзе ён піша пра камунізм, а тыя, дзе зь веданьнем справы разважае пра мэтодыку рэвалюцыйнай барацьбы. Вось у яго досьвед на гэтай ніве быў багаты. Вы, напэўна, лепш за тых, хто ў замежжы, ведаеце, што жарты скончыліся і Беларусь у наступныя гады будуць спрабаваць ператварыць ва ўсходнеэўрапейскую вэрсію Туркмэністану і КНДР. Уладзімір Ільліч і ягоныя таварышы мелі б што тут параіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два баракі аднаго лягеру. Рэпрэсіі Лукашэнкі і рэпрэсіі Пуціна: хто чый прыклад пераймае

Інфармацыйная бясьпека

Ня будзьце лёгкай здабычай для рэжыму. Не разважайце пра палітыку зь незнаёмцамі ў чат-рулетцы і з малазнаёмымі ў курылцы. Не пакідайце ў інтэрнэце ад свайго імя публічныя камэнтары на палітычныя тэмы (а лепш не пакідайце іх увогуле). Чытайце забароненыя СМІ толькі так, як людзі ў свой час слухалі Радыё Свабода падчас савецкага рэжыму ці як Штырліц у савецкім фільме прымаў шыфроўкі з Масквы: з выкананьнем усіх захадаў перасьцярогі. Лепш быць празьмерна пільнымі, чым недастаткова пільнымі. Лепш быць незасьвечанымі, чым засьвечанымі. Вы павінны быць на волі, а не ў турме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Гараўскага. Незалежны суд як напамін палітыкам пра тое, што ім ніколі не даруюць

Жывіце звыклым жыцьцём абываталя

Хадзіце на працу. Будзьце на добрым рахунку. Балятуйцеся ў райсавет ад партыі «Белая Русь». Інфільтруйцеся ў рэжымныя арганізацыі і ўстановы — цяпер сапраўды надышоў час «малых справаў» і падпольля. Не саромейцеся «дапамагаць» рэжыму, калі адчуваеце, што патэнцыйная шкода, якую гэта дазволіць нанесьці дыктатуры, пераважае дапамогу і спрыяньне. Хіба што не заплямце сябе злачынствамі на службе дыктатуры — прынамсі такімі, дзе пацярпелі б нявінныя людзі. Іншымі — плямцеся, калі гэта не перашкаджае справе вызваленьня. Вучыцеся не гаварыць усёй праўды і выбіраць бясьпечныя фармулёўкі з каменным тварам. Вучыцеся жыць ва ўмовах, калі немагчыма ня быць калябарантам. Вучыцеся кансьпірацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заняла апошняе месца ў Індэксе забароны катаваньняў сярод постсавецкіх краінаў

Будзьце гатовыя да пераменаў

Усе памятаюць пра памылкі 2020 году. Усе ведаюць пра памылкі 2015, 2010, 2006 гадоў. Іх ня трэба паўтараць. Як было напісана ў пачатку: чытайце кнігі, набывайце карысныя пратэставыя навыкі. Яднайцеся з маленькімі групамі аднадумцаў — тых, каму цалкам давяраеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу зьняць фільм пра барацьбу беларусаў». Рэжысэр з ЗША штодня вядзе блог пра беларускіх палітвязьняў

У вырашальны момант будзьце гатовыя дапамагчы вярнуцца тым, хто гатовы да гэтага

Магчыма, гэтыя людзі — хоць каліноўцы, хоць кабінэт Ціханоўскай — да гэтага вырашальнага моманту і да наступнага этапу падзеяў будуць падрыхтаваныя нават лепш за вас.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: 45% беларусаў, якія зьехалі ў Польшчу, плянуюць застацца там жыць