На расейска-фінскай мяжы мігранцкі крызіс. Фінляндыя можа закрыць усе пераходы

Мяжа Фінляндыі з Расеяй

Улады Фінляндыі неўзабаве могуць прыняць рашэньне цалкам закрыць памежныя пераходы на мяжы з Расеяй у сувязі з наплывам просьбітаў прыстанішча з трэціх краін, піша фінская газэта Iltalehti.

Паводле інфармацыі выданьня Iltalehti, рашэньне фінскія ўлады могуць прыняць ужо ў панядзелак, 20 лістапада. Тады памежныя пераходы закрыюцца ў ноч на сераду.

На мінулым тыдні фінскія ўлады закрылі чатыры пераходы на паўднёвым усходзе краіны. Засталіся працаваць чатыры КПП на ўсходзе і паўночным усходзе, на мяжы з расейскай Карэліяй і Мурманскай вобласьцю. Грамадзяне Самалі, Сырыі, Іраку і іншых краін пасьля гэтага пачалі прыбываць на памежны пераход «Вартыус», які цяпер аказаўся найбольш блізкім да Санкт-Пецярбурга пунктам пропуску, які працуе.

Фінскія ўлады лічаць, што Расея датычная да транспартаваньня просьбітаў прытулку да фінскай мяжы. Пасьля закрыцьця паўднёвых памежных пераходаў фінская выведка папярэджвала, што патэнцыйныя просьбіты прытулку адправяцца з Карэльскага пярэсмыку ў Кастамукшу, за сотні кілямэтраў на поўнач, а адтуль на пераход «Вартыус». Так і здарылася.

«На гэты выпадак было вырашана падрыхтаваць магчымасьць закрыцьця ўсёй усходняй мяжы, каб Фінляндыя дала зразумець Расеі, што не прымае выкарыстаньня накіраванай міграцыі ў якасьці сродку ціску», – піша Iltalehti.

Афіцыйна аб плянах фінскіх уладаў цалкам закрыць мяжу пакуль не паведамлялася.

Як піша Север.Реалии, у Карэліі разгарнулі пункты часовага разьмяшчэньня для мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Фінляндыю праз КПП «Вартыус».

На месцы працуюць супрацоўнікі рэспубліканскага ўпраўленьня МНС, паведамляе Север.Реалии. Шэраг жыхароў Кастамукшы ў сацсетках выказваюць асьцярогу наконт «суседзтва з уцекачамі». Некаторыя грамадзяне пішуць у сацсетках, што баяцца выходзіць на вуліцы. Па іх падліках, на мяжы сабралася ўжо больш за 50 чалавек.

Паводле начальніка памежнага пераходу «Вартыус» Ёука Кінунена, яго расейскія калегі прама падштурхоўваюць іншаземцаў да таго, каб яны адправіліся на фінскую КПП і папрасілі прытулку. Расейскі бок адмаўляе садзейнічаньне мігрантам у спробах перайсьці мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя з 18 лістапада закрывае 4 кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Расеяй
  • Фінляндыя абгрунтавала рашэньне закрыць чатыры памежныя пераходы перш за ўсё меркаваньнямі бясьпекі. Сьпікер парлямэнту краіны Юсі Хала-ахо нават выказаў думку, што мігранты з краін Азіі і Афрыкі, якія прыбываюць з Расеі і просяць у краіне прытулку, могуць быць зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі і ПВК «Вагнэр», якія актыўна працуюць у афрыканскіх краінах. З гэтай думкай, зрэшты, у Хэльсынкі ня ўсё згодны. Як правіла, праводзяцца паралелі з сытуацыяй на мяжы Польшчы і Беларусі два гады таму, калі пры меркаваным садзейнічаньні беларускіх уладаў у ЭЗ спрабавалі прарвацца тысячы мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля краін Балтыйскага рэгіёну Баўгарыя забараніла ўезд аўтамабілям з расейскімі нумарамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Латвіі будзе штрафаваць за надпісы «Я русский» на аўтамабілях