«Няпраўда, усе стараюцца чысьціць». На беларусаў падаюць глыбы лёду, а што гавораць улады? 

Ледзяшы на доме, ілюстрацыйнае фота

У Беларусь сьледам за завеямі і маразамі прыйшла адліга і нарабіла праблемаў. У Віцебску ледзяная глыба забіла жанчыну. У Гомлі ад наледзі, якая ўпала з даху, пацярпелі дзьве дзяўчынкі. Падобныя здарэньні адбыліся і ў іншых рэгіёнах.

Чатыры выпадкі за тры дні

18 сьнежня на праспэкце Чарняхоўскага ў Віцебску з даху ўпала глыба сьнегу і лёду, якая забіла 39-гадовую жанчыну. Распачатая крымінальная справа.

19 сьнежня ад сьнегавой масы з даху будынку пацярпела жыхарка Магілёва. Яе шпіталізавалі «з траўмамі рознай ступені цяжкасьці».

Камунальныя службы чысьцілі дах. Майстар камунальнікаў выйшла сачыць за працай. «У гэты час адбыўся сыход з даху дому сьнегавой масы зь лёдам. Жанчына атрымала траўмы, шпіталізаваная ў цяжкім стане», — паведамлялі ратавальнікі.

У той жа дзень глыба лёду ўпала з даху і на жыхарку Гомля. Гэта адбылося на праспэкце Леніна, у цэнтры гораду. Яна атрымала траўмы галавы, перанесла апэрацыю.

20 сьнежня ў Гомлі на вуліцы Валатоўскай ад падзеньня наледзі пацярпелі дзьве дзяўчынкі, 9 і 10 гадоў.

Гэта толькі тыя выпадкі, якія трапілі ў зводкі Міністэрства надзвычайных сытуацый і ў дзяржаўныя СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два выпадкі падзеньня лёду з дахаў на людзей: сьмерць у Віцебску, траўма ў Гомлі

«Справаздачы ў выканкамы аб сытуацыі са сьнегам»

Вуліца Валатоўская ў Гомлі, як і праспэкт Леніна, адносяцца да жыльлёва-камунальнага ўпраўленьня № 3.

«Але там ніхто з раніцы не бярэ слухаўку», — паведаміла Свабодзе жыхарка Гомля, якая спрабуе дазваніцца да камунальнікаў.

Паводле суразмоўцы, яна таксама патэлефанавала ў камунальнае ўпраўленьне «Цэнтральнае» ў Гомлі. Там адказалі, што ня ведаюць, ці прыбіраюць у цэнтры гораду сьнег з дахаў, параілі зьвяртацца ў ЖЭУ-3.

У Гомельскім гарадзкім ЖКГ жыхарам абласнога цэнтру гавораць, што ня ведаюць пра выпадак на Валатоўскай, але запэўнілі, што сьнег з дахаў чысьцяць, а «ўсе службы працуюць».

Жыхарка цэнтру Гомля Марыя (імя зьмененае. — РС) паведаміла Свабодзе, што ня бачыла, каб камунальнікі чысьцілі дахі.

«У Менску была, там бачыла, у нас неяк не заўважыла», — зазначыла яна.

Іншая жыхарка Гомля Алеся працуе ў адной з устаноў у цэнтры гораду. Яна расказала Свабодзе, што на прыбіраньні сьнегу як з дарогі, ходнікаў, так і з дахаў актыўна працуюць і камунальныя службы, і супрацоўнікі ўстановаў.

«Больш за тое, установы мусяць даваць некалькі разоў на дзень справаздачы ў выканкамы аб сытуацыі са сьнегам. Працуюць на прыбіраньні ўсе — як і камунальнікі, так і супрацоўнікі ўстаноў у цэнтры гораду. Камунальнікам, дарэчы, „прылятае“ ад мясцовай улады толькі так», — пераконвае Алеся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьмену сэзонаў мы адчулі». Загадчыца траўмапунтку расказала пра найбольш тыповыя зімовыя траўмы менчукоў

«Не хадзіце пад дахамі»

Свае рэкамэндацыі, як пазьбегнуць магчымых траўмаў, апублікавала Міністэрства надзвычайных сытуацый. Там раяць быць асьцярожнымі і не хадзіць, па магчымасьці, пад дахамі.

«Не хадзіце пад дахамі, карнізамі будынкаў, не падыходзьце блізка да сьцен будынкаў і не ігнаруйце наяўнасьць загараджальнай стужкі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле ратавальнікаў, часьцей за ўсё ледзяшы ўтвараюцца над вадасьцёкамі, таму гэтыя месцы фасадаў будынкаў бываюць асабліва небясьпечныя, іх неабходна абыходзіць бокам, пажадана на адлегласьці, ня меншай за 3 мэтры.

«Калі падчас руху па тратуары вы пачулі наверсе падазроны шум, нельга спыняцца, паднімаць галаву і разглядаць, што там здарылася. Магчыма, гэта сход сьнегу ці ледзяной глыбы. Уцякаць ад будынка таксама нельга. Трэба як мага хутчэй прыціснуцца да сьцяны, і казырок даху паслужыць хованкай. Папярэдзіце аб ледзяной небясьпецы дзяцей, растлумачце, чаму нельга хадзіць і гуляць пад дахамі, карнізамі дамоў», — просяць у ведамстве.