Ва ўрадзе Беларусі прызналі страту каштоўных лясных комплексаў пад Менскам

Ляндшафтны заказьнік «Ельня». Ілюстрацыйнае фота

Урад павялічыў тэрыторыю двух заказьнікаў, а адзін увогуле зьліквідаваў.

Урад Беларусі спыніў функцыянаваньне рэспубліканскага біялягічнага заказьніку «Пекалінскі», які быў створаны ў 2000 годзе ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці для захаваньня ў натуральным выглядзе каштоўных лясных фармацый з комплексам рэдкіх і тых, што зьнікаюць, відаў расьлін і жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, функцыянаваньне заказьніку спынена ў сувязі «з стратай каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў, у мэтах захаваньня якіх ён ствараўся».

На тэрыторыі заказьніку «Пекалінскі» расьлі 583 віды расьлін, якія ахоўваюцца, у тым ліку 12 з Чырвонай кнігі Беларусі, а таксама вадзілася 7 чырванакніжных відаў жывёлаў і птушак, у тым ліку зялёны дзяцел, звычайны зімародак, звычайная пустальга, чорны бусел і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на саміце ў Дубаі паскардзіўся, што Беларусь — «лёгкія Эўропы», а на яе наклалі санкцыі

Гэтай жа пастановай урад удакладніў межы іншых заказьнікаў: «Лунінскага» ў Берасьцейскай вобласьці (павялічыў плошчу з 9283 да 9388,51 гектара), «Стронга» ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці (зьменшылі тэрыторыю з 12 795 да 12 323,47 гектара), «Купалаўскага» ў Лагойскім і Менскім раёнах Менскай вобласьці (зьменшыў плошчу з 3834 да 3797,14 гектара) і «Карыценскі мох» у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці (павялічыў плошчу з 1389,9 да 1441,99 гектара).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмовілася ад Бэрнскай канвэнцыі. Што гэта значыць для экалёгіі краіны?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орхуская канвэнцыя ААН, «Усходняе партнэрства»: Зь якіх арганізацый і пагадненьняў беларускія ўлады выйшлі пасьля жніўня 2020 году