Выведка ЗША пацьвердзіла, што ХАМАС выкарыстоўваў лякарню ў Газе ў якасьці прыкрыцьця

Зброя, знойдзеная пасьля ператрусаў у шпітальным комплексе ў Газе

Па зьвестках амэрыканскіх спэцслужбаў, у мэдыцынскім комплексе «Аль-Шыфа» і пад ім разьмяшчаўся штаб ХАМАС.

«Амэрыканская выведка пацьвердзіла, што ХАМАС і групоўка „Палестынскі ісламскі джыгад“, зь якімі ваюе Ізраіль, выкарыстоўвалі лякарню „Аль-Шыфа“ ў Газе для разьмяшчэньня камандаваньня сваімі войскамі і ўтрыманьня некаторых закладнікаў, большасьць зь якіх былі перамешчаныя ў іншыя месцы, калі сытуацыя ў баевікоў ускладнілася пасьля таго, як туды ўвайшлі ізраільскія войскі», — заявіла ананімная крыніца ў амэрыканскіх спэцслужбах са спасылкай на рассакрэчаныя зьвесткі, піша Reuters.

Спэцслужбы не прывялі доказаў, на якіх базуюцца іхныя высновы. Па словах крыніцы, гэтую інфармацыю незалежна адна ад адной пацьвердзілі розныя спэцслужбы.

Ізраіль таксама заявіў, што лякарня «Аль-Шыфа» выкарыстоўвалася ХАМАС. Ізраільскія войскі ўзялі яе пад свой кантроль у лістападзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль заявіў, што выявіў найбольшы тунэль ХАМАС. Па ім можа праехаць невялікае аўта

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) у мінулым месяцы ахарактарызавала апэрацыю захопу галоўнай мэдыцынскай установы анкляву як «разаніну».

Паводле амэрыканскай крыніцы, урад ЗША лічыць, што ХАМАС выкарыстаў комплекс і памяшканьні пад ім для ажыцьцяўленьня камандаваньня і кантролю баевікамі, захоўваньня зброі і ўтрыманьня шматлікіх закладнікаў. Амэрыканская крыніца расказала таксама, што спэцслужбы ЗША атрымалі інфармацыю аб тым, што баевікі ХАМАС у асноўным эвакуаваліся адтуль перад пачаткам наземнай апэрацыі Ізраілю ў Газе.

Калі баевікі пакідалі лякарню і падзямельлі, яны зьнішчылі дакумэнты і ўсю электроніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36-ы дзень вайны ў Ізраілі: Баі каля бальніцы Аль-Шыфа; Армія абароны Ізраілю заявіла пра ўзяцьце пад кантроль 11 пастоў ХАМАС

Ізраіль заявіў, што пад лякарняй разьмешчана сетка тунэляў, дзе разьмяшчалася штаб-кватэра баевікоў ХАМАС, якія выкарыстоўваюць пацыентаў у якасьці «жывога шчыта». ХАМАС адмаўляў гэта.

Паводле інфармацыі New York Times, ізраільская ацэнка была прынамсі часткова дакладнай: многія закладнікі ўтрымліваліся на тэрыторыі комплексу або пад ім, аднак яны, відаць, былі перамешчаныя пасьля эвакуацыі ХАМАС.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.