Завочную «справу ByPol» пачнуць разглядаць у Менску 22 студзеня

Аляксандар Азараў

Пасяджэньне адбудзецца ў Менскім гарадзкім судзе. Былога кіраўніка яшчэ аб'яднанай ініцыятывы могуць асудзіць на сьмяротную кару.

22 студзеня ў Беларусі завочна пачнуць разглядаць справу ByPol, вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суду.

Судзіць зьбіраюцца цяперашніх і ранейшых удзельнікаў ініцыятывы былых сілавікоў ByPol Аляксандра Азарава, Уладзімера Жыгара, Мацьвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Алега Талерчыка. Справу расьсьледавалі ў парадку спэцвядзеньня.

Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «змове з мэтай захопу або ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».

Найбольшая колькасьць артыкулаў выставілі Аляксандру Азараву.

Паводле ведамства, дзейнасьць аб’яднаньня, прызнанага экстрэмісцкім фармаваньнем, «вялася шляхам правядзеньня прапагандысцкай працы сярод пратэставай часткі насельніцтва і кансалідацыі гэтых асоб, выпрацоўкі мер ціску на сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, аказаньня фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня на прадстаўнікоў дзейнай улады праз разьмяшчэньне ў адкрытым доступе ў інтэрнэце іх асабістых зьвестак, а таксама зьвестак іх сямейнікаў, у тым ліку малалетніх і непаўналетніх дзяцей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў пра забойства дзіцяці ў Слуцку: што зьменіць расстрэл і як беззаконьне рэжыму разьвязвае рукі гвалту

У наглядным ведамстве лічаць, што некаторыя ўдзельнікі ByPol распрацавалі «адмысловую апэрацыю Мабілізацыйны плян „Перамога“», а таксама «паўторна выступілі стваральнікамі і кіраўнікамі фармаваньняў „Аб’яднаны пераходны кабінэт“ і „Паспалітае рушэньне“, пазьней таксама прызнаных экстрэмісцкімі.

Спэцвядзеньне ў справе распачалі 8 верасьня 2023 году.

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі ўнутранага канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

Апошняе стала праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol назваў хлусьнёй абвінавачаньні ByPol і анансаваў «разбор у юрыдычнай плашчыні»

6 жніўня Ціханоўская вызваліла Азарава ад пасады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў аднаўленьні правапарадку. Кандыдатуру Азарава не ўхваліла Каардынацыйная рада пасьля шэрагу спрэчак. Але былы сілавік працягвае каардынацыю пляну „Перамога“ ў супрацоўніцтве з кабінэтам.

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс „спэцыяльнага вядзеньня“» спэцыяльна ўведзены да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога вайскоўца Кучынскага асудзілі на 19 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве»

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».