Зноў затрымалі былога журналіста і палітвязьня Сяргея Гардзіевіча

Сяргей Гардзіевіч. Архіўнае фота

Беларуская асацыяцыя журналістаў 24 студзеня паведаміла пра чарговае затрыманьне журналіста Сяргея Гардзіевіча з Драгічына.

Паводле інфармацыі БАЖ, былога карэспандэнта «Першага рэгіёну» абвінавачваюць у распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП.

Іншыя падрабязнасьці затрыманьня пакуль не вядомыя.

Да 2020 году Сяргей Гардзіевіч працаваў журналістам у Драгічыне.

Яго затрымалі ў канцы 2020 году і ў 2021 годзе асудзілі за «абразу Лукашэнкі», «паклёп», «абразу прадстаўніка ўлады» на 1 год 6 месяцаў калёніі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Увосень 2022 году Сяргей Гардзіевіч выйшаў на волю.

У верасьні 2023-га Гардзіевіча зноў затрымалі ў пункце пропуску «Брэст», калі ён вяртаўся з Польшчы. Тады яго асудзілі на 15 дзён адміністратыўнага арышту па арт. 19.11 КаАП. У кастрычніку Сяргей Гардзіевіч выйшаў на волю.

З 2022 году Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца ў так званым сьпісе «экстрэмістаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па вяртаньні з Польшчы затрымалі былога палітвязьня і журналіста з Дарагічына Гардзіевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітзьняволены журналіст Гардзіевіч на волі, але ў яго забралі сродкі сувязі