Беларус, якога ў Армэніі арыштавалі на запыт сілавых органаў Беларусі, зьвярнуўся па палітычны прытулак

Яраслаў Новікаў, архіўнае фота

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

Грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў, якога затрымалі ў Армэніі на запыт сілавых структур Беларусі, зьвярнуўся да армянскіх уладаў па атрыманьне палітычнага прытулку.

«Я ўчора ўвечары сустрэўся зь Яраславам. У яго ўсё нармальна, ніякіх праблемаў няма. Мы параіліся, і ён ужо падаў заяву аб наданьні прытулку, таму што ёсьць сур’ёзныя асьцярогі аб ягоным перасьледзе ў выпадку перадачы Беларусі і новых абвінавачаньнях», — паведаміў Свабодзе праўнік Хэльсынскай асацыяцыі ў Армэніі Араік Папік’ян, які прадстаўляе інтарэсы Яраслава Новікава.

Адвакат дадаў, што Яраслаў Новікаў выканаў усе працэдурныя патрабаваньні заканадаўства Армэніі аб звароце па палітычны прытулак.

«Заяву ўжо падалі і выканалі ўсе неабходныя працэдуры і рэглямэнты — Яраслаў зьвярнуўся з такой заявай цягам 15 дзён пасьля ягонага затрыманьня», — патлумачыў ён.

Араік Папік’ян паведаміў, што 8 лютага накіруе ў апэляцыйны суд у Ерэване скаргу на рашэньне суду першай інстанцыі аб арышце Яраслава Новікава на 40 дзён.

«Мы будзем хадайнічаць аб разглядзе апэляцыі ў вусным парадку, але ў гэтым пытаньні мусіць быць асобнае рашэньне судзьдзі, які будзе разглядаць скаргу. Судзьдзя мае права адхіліць такое хадайніцтва і праводзіць пасяджэньне ў пісьмовым парадку пры адсутнасьці бакоў. Для справядлівасьці, вядома ж, разгляд у вусным парадку будзе больш справядлівым і аб’ектыўным», — удакладніў адвакат Яраслава Новікава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Армэніі адбудзецца суд над беларусам, які ўцёк ад службы ў войску на радзіме

Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй, калі высьветлілася, што яго ўлады Беларусі абвясьцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.

Яраслаў Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Замест гэтага ён адправіўся ў суседнюю Армэнію, каб падацца на візу там.

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Армэніі арыштаваў на 40 дзён беларуса для яго далейшай перадачы ў Беларусь

Што вядома пра ранейшыя аналягічныя выпадкі

Вядома пра некалькі выпадкаў затрыманьня грамадзян Беларусі ў Армэніі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманьні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі, часова выехаўшы ў Армэнію.

У студзені 2023 году Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Армэнія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле вэрсіі сьледчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць першапачаткова яго абвінавацілі ў растраце ў вялікіх памерах.

Пра іншыя выпадкі перадачы Беларусі затрыманых у Армэніі беларусаў невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку яны чамусьці называлі „Містэр Бульба“». Гісторыя беларуса, якога затрымалі ў Армэніі на запыт афіцыйнага Менску