Міністар адукацыі прапанаваў «кротна павялічыць кампэнсацыю выпуснікоў ВНУ за неадпрацоўку па разьмеркаваньні»

Міністар адукацыі Андрэй Іванец. Архіўнае фота

На думку міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца, павышэньне сумы кампэнсацыі маладым спэцыялістам у выпадку неадпрацоўкі па разьмеркаваньні дазволіць «замацаваць моладзь на працоўных месцах».

«Прапануем кротна павысіць суму кампэнсацыі маладым спэцыялістам у выпадку неадпрацоўкі па разьмеркаваньні, а ў нейкіх выпадках, магчыма, цалкам адысьці ад магчымасьці кампэнсацыі затрат за вучобу», — сказаў Андрэй Іванец, якога цытуе БЕЛТА.

Кіраўнік Міністэрства адукацыі заявіў, што, скончыўшы ўнівэрсытэт, выпускнік павінен стаць спэцыялістам, а для гэтага мінімум 2 гады ён павінен адпрацаваць па сваёй прафэсіі:

«Па асобных спэцыяльнасьцях, магчыма, мае сэнс разгледзець павелічэньне тэрмінаў адпрацоўкі маладымі спэцыялістамі, у тым ліку і мэтавікамі».

Як адзначыў Андрэй Іванец, беларускія ВНУ штогод адлічваюць каля 8 тысяч студэнтаў, пры гэтым палова зь іх сыходзіць па ўласным жаданьні. Паводле міністра, гэта сьведчыць пра тое, што «з прафарыентацыяй мы істотна не дапрацоўваем» і «гэта нерэалізаваны патэнцыял для эканомікі нашай краіны».

Агулам, паводле міністра, цяпер сыстэма вышэйшай адукацыі Беларусі прадстаўленая 49 ВНУ, у якіх навучаецца каля 230 тысяч студэнтаў і магістрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як са школаў і ВНУ робяць «турму». Экспэрт тлумачыць зьмены ў аплаце вышэйшай адукацыі

Летась у лістападзе Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон, які павялічыў тэрміны адпрацоўкі. Так, тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры складзе 5 гадоў, у тым ліку для завочнікаў. Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі закону «Аб ахове здароўя».

Ардынатура стане бясплатнай, і ўсіх лекараў пасьля яе заканчэньня адправяць на адпрацоўку. Раней тэрмін адпрацоўкі складаў 2 гады.

Калі лекар пакіне вучобу ў ардынатуры або яго адлічаць, яму давядзецца пакрыць выдаткі на навучаньне. А калі ён не адпрацуе ўвесь тэрмін ці адмовіцца адпрацоўваць, то мусіць заплаціць у 2,5 раза больш, чым дзяржавай было патрачана на яго падрыхтоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпрацоўку для беларускіх лекараў пасьля ардынатуры павялічылі да 5 гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысяча даляраў і год на падрыхтоўку. Як беларускія выпускнікі едуць вучыцца за мяжу