Хроніка перасьледу 22 лютага: менчука будуць паўторна судзіць за ахвяраваньні на ByPol

Аляксандар Зіязэтдзінаў

Улады актыўна затрымліваюць і судзяць людзей нават за нязначныя ўнёскі ў фонды, якія спрыялі палітвязьням і грамадзкім арганізацыям.

Менчука будуць паўторна судзіць за ахвяраваньні на ByPol

Аляксандра Зіязэтдзінава, якога раней ужо пакаралі 3 гадамі калёніі за перавод крыптавалюты ў ByPol, будуць судзіць за ахвяраваньні другі раз. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Палітвязьню пагражае да 15 гадоў турмы.

29 лютага ў Менскім гарадзкім судзе пачнуць разглядаць новую справу Зіязэтдзінава. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч. 2 арт. 290-1 («Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»). Судзьдзя Алена Шылько.

Восеньню 2022 году 35-гадовага менчука абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-2 КК («Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня») за пералічэньне ў траўні 2021 году 0,2 эфіру (каля 800 даляраў) на крыптакашалёк ByPol. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці справы невядомыя. Вядомы толькі трохгадовы турэмны вырак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Што адбываецца з тымі, каго затрымалі падчас масавых арыштаў 23 студзеня

Лідзкага барда Чарняка арыштавалі на 15 сутак

59-гадовага барда зь Ліды Сяргея Чарняка затрымалі, суд арыштаваў яго па адміністрацыйным артыкуле на 15 сутак, піша тэлеграм-канал «Суды, затрыманьні ў Лідзе».

Па якім менавіта артыкуле судзілі барда, невядома. Мінулы раз Чарняка затрымлівалі ў канцы сьнежня 2023 года. Тады суд арыштаваў яго на 15 сутак па артыкуле аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 лютага: затрымалі супрацоўнікаў прадстаўніцтва LG у Беларусі; «суткі» за вымпэл з «Пагоняй» у аўтамабілі