Больш як 40 тысяч школьнікаў Менску апрануць у адзіную школьную форму. Як яна выглядае: ФОТА

27 лютага канцэрн «Беллегпрам» прэзэнтаваў у Менгарвыканкаме ўзоры адзінай школьнай формы для сталічных установаў адукацыі.

«Прадугледжваецца, што ў пілётным праекце паэтапнага ўвядзеньня адзінай школьнай формы возьмуць удзел больш як 40 тысяч дзяцей з 50 установаў адукацыі Менску», — паведамляе прэс-служба ведамства.

У «Беллегпраме» распрацавалі тры варыянты школьнай формы для розных узроставых груп:

  • малодшая школьная група (1–4 клясы);
  • старэйшая школьная група (5–8 клясы);
  • падлеткавая школьная група (9–11 клясы).

«Выпрабоўваць» новую школьную форму пачнуць вучні сярэдняй школы № 48 і гімназіі № 36 у Менску. З улікам заўваг і прапановаў калекцыю дапрацуюць, паабяцалі ў «Беллегпраме».

На прэзэнтацыі калекцыі прысутнічалі старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў, яго намесьніца Надзея Лазарэвіч, міністар адукацыі Андрэй Іванец і старшыня канцэрну «Беллегпрам» Тацяна Лугіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам прапануе ўвесьці школьную форму з афіцыйнай сымболікай

Ідэю ўвесьці аднолькавую для ўсіх школьнікаў форму Менгарвыканкам агучыў улетку 2023 году. Тады плянавалі стварыць 5–10 мадэляў адзінай школьнай формы. Таксама плянавалася, што на форме будзе чырвона-зялёная сымболіка, якая, на думку ідэолягаў, дапаможа дзецям усьвядоміць «сваю прыналежнасьць да гэтай дзяржавы».

На фота цяперашніх узораў формы прысутнічае круглая нашыўка ў чырвона-зялёных колерах, але цяжка разгледзець дакладна, што на ёй намалявана.