Выкладчыка катэхезы ў менскім катэдральным касьцёле Беладзеда асудзілі на тры гады зьняволеньня

Уладзіслаў Беладзед, архіўнае фота

Выкладчыка катэхезы ў менскім архікатэдральным касьцёле, катліцкага верніка Ўладзіслава Беладзеда асудзілі на 3 гады зьняволеньня, піша тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Раней паведамлялі, што Ўладзіслава Беладзеда абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • распальваньне варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК),
  • абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК),
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК),
  • распаўсюд і выраб парнаграфіі (ч. 1 арт. 343 КК).

Уладзіслаў Беладзед — выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, пасьля яго заканчэньня паступіў у рымска-каталіцкую сэмінарыю і праходзіў практыку ў Архікатэдральным саборы, выкладаў там катэхезу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі за «распальваньне варожасьці». Палітзьняволенага сэмінарыста Беладзеда будуць судзіць паводле 4 крымінальных артыкулаў

Яго затрымалі ў траўні 2023 году. Спачатку яму тройчы прысуджалі па 15 дзён арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а пасьля завялі на яго крымінальную справу. Тады СМІ пісалі, што яго абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу).

У «пакаянным» відэа Беладзед казаў, што супрацоўнікі касьцёлу падтрымлівалі пратэсты ў 2020 годзе, хавалі пратэстоўцаў, а ён асабіста сачыў зь вежы за перамяшчэньнем міліцыі і падаваў сыгнал пратэстоўцам, звонячы ў званы.

Пасьля яго арышту курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з заявай аб тым, што Ўладзіслаў быў адлічаны з сэмінарыі тры гады таму, у лютым 2020 году. Таксама курыя паведаміла, што ініцыявала кананічнае расьсьледаваньне ў сувязі са здарэньнем.

Уладзіслаў, як сьцьвярджаюць яго сваякі, мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пасьля затрыманьня, паводле «Хрысьціянскай візіі», ён цярпеў ад катаваньняў, жорсткага абыходжаньня, бесчалавечных і прыніжальным для чалавечай годнасьці адносінаў. На другім судзе сваякі Ўладзіслава Беладзеда пабачылі на ім сьляды пабіцьця.

Праваабаронцы прызналі Ўладзіслава Беладзеда палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія дыпляматы прыйшлі пад суд падтрымаць палітзьняволенага тэоляга