Сярод загінулых падчас нападу ў Расеі ёсьць грамадзянка Беларусі, — амбасада ў Маскве

Людзі ўскладаюць кветкі каля канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», дзе 22 сакавіка адбыўся напад

Сярод загінулых падчас нападу ў Падмаскоўі 22 сакавіка ёсьць грамадзянка Беларусі 1978 году нараджэньня. Пра гэта паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на амбасаду Беларусі ў Расеі.

Увечары ў пятніцу, 22 сакавіка, некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі ў канцэртнай зале на ўскраіне Масквы стральбу з аўтаматаў. Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Колькасьць загінулых у выніку тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», паводле апошніх зьвестак, узрасла да 137. Колькасьць забітых можа павялічыцца. Больш за 180 чалавек пацярпелі.

Расейскае сьледзтва пакуль афіцыйна не вылучала вэрсій аб замоўцах і арганізатарах нападу. Па справе аб тэракце затрыманы чацьвёра чалавек. Яны выхадцы з Цэнтральнай Азіі.

Адказнасьць за напад узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлетка, які вывеў людзей з канцэртнай залі ў Расеі падчас нападу, узнагародзяць мэдалём
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра групоўку, якая можа мець дачыненьне да нападу на «Крокус» і чаму яе мэтай стала Расея