Міністар адукацыі заявіў, што навучаньне пэдагогаў і мэдыкаў пераводзіцца на бюджэтную форму

Міністар адукацыі Андрэй Іванец. Архіўнае фота

У Беларусі падрыхтоўка мэдыкаў і пэдагогаў пераводзіцца толькі на бюджэтную форму навучаньня. Пра гэта ў эфіры СТВ расказаў міністар адукацыі Андрэй Іванец.

Паводле інтэрвію Андрэя Іванца СТВ, якое цытуе Reform.by, прыём у беларускія ВНУ сёлета будзе захаваны на ўзроўні 2023 году, пры гэтым колькасьць бюджэтных месцаў вырасьце больш як на 3 тысячы, у асноўным на мэдыцынскіх, пэдагагічных і інжынэрна-тэхнічных спэцыяльнасьцях.

Адначасова будзе павялічаная колькасьць месцаў у каледжах: больш як на 3 тысячы бюджэтных месцаў на ўзроўні сярэдняй спэцыяльнай адукацыі і каля 1,5 тысячы на ўзроўні прафэсійна-тэхнічнай адукацыі.

«Мы бачым, што сёньня колькасьць платнай формы навучаньня па шэрагу ВНУ зьніжаецца, зьніжаецца істотна. Фактычна для будучага пэдагога, настаўніка мы практычна цалкам перайшлі на бюджэтную форму атрыманьня адукацыі для тых маладых людзей, якія будуць паступаць ужо сёлета. Па мэдыцынскіх работніках мы фактычна таксама перайшлі, ужо практычна 90% набору — гэта будзе таксама бюджэтны набор, гэта таксама вельмі важны аспэкт», — сказаў Іванец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі прапанаваў «кротна павялічыць кампэнсацыю выпуснікоў ВНУ за неадпрацоўку па разьмеркаваньні»

Іванец чакае, што колькасьць мэтавікоў працягне расьці.

«Упэўненыя, сёлета мы маем права таксама чакаць такога росту. Але хацеў бы акцэнтаваць увагу на тым, што сёлета істотна ўзмоцнены патрабаваньні да моладзі, якая хоча паступаць на мэтавую форму падрыхтоўкі. Тут вельмі важны аспэкт: сярэдні бал атэстату павінен быць не ніжэйшы за 7», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпускнікам вайскова-патрыятычных клясаў дазволілі паступаць без іспытаў у ВНУ на вайсковыя спэцыяльнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш як 40 тысяч школьнікаў Менску апрануць у адзіную школьную форму. Як яна выглядае: ФОТА