Расею і Беларусь не запрасілі на мірны саміт аб Украіне

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Міністар замежных спраў Швайцарыі Ігнацыё Касіс (у цэнтры) вітае прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага па прыбыцьці ў аэрапорт Цюрыха, 15 студзеня 2024

Урад Швайцарыі 2 траўня паведаміў, што Расея «на гэтым этапе» не была запрошаная на глябальны Саміт міру, якія адбудзецца ў Швайцарыі ў сярэдзіне чэрвеня з мэтай садзейнічаньня ўсталяваньню міру паміж Расеяй і Ўкраінай.

«Швайцарыя перакананая, што Расея павінная быць уцягнутая ў гэты працэс. Мірны працэс без Расеі немагчымы», — гаворыцца ў паведамленьні ўраду Швайцарыі.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба лічыць, што няма сэнсу запрашаць Расею на Сусьветны саміт міру, які адбудзецца ў Швайцарыі, бо нельга гарантаваць, што яна будзе дзейнічаць добрасумленна. Пра гэта кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны заявіў амэрыканскаму выданьню Foreign Policy.

Беларусь таксама не атрымала запрашэньня на ўдзел у саміце миру ў Швейцарыі, пра гэта раней казаў кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік.

«Ведаем, што такі саміт рыхтуецца. Лічым, што адсутнасьць запрашэньня абсалютна не адлюстроўвае той рэальнасьці, якая складваецца ў Эўрапейскім рэгіёне, і таго ўкладу, які Беларусь уносіла і працягвае насіць у мірнае ўрэгуляваньне ўкраінскага крызісу.

Мы, натуральна, зыходзім з таго, што любыя мерапрыемствы, любыя канфэрэнцыі, якія тычацца эўрапейскай бясьпекі, без удзелу Беларусі і Расеі ня маюць ні пэрспектывы, ні сэнсу», – адказаў Алейнік, перадае агенцтва АР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган заявіў, што Турэччына гатовая прыняць у сябе расейска-ўкраінскі саміт. Зяленскі адказаў
  • У лютым паведамлялі, што Ўкраіна зьбіраецца запрасіць на глябальны Саміт міру ў Швайцарыі прадстаўнікоў больш як 160 краінаў і што Расея ў лік запрошаных ня ўвойдзе.
  • Урад Швайцарыі падчас візыту Ўладзіміра Зяленскага ў студзені пагадзіўся арганізаваць мірную канфэрэнцыю.
  • Канфэрэнцыя, якую ўкраінскія ўлады называюць Глябальным самітам міру, адбудзецца 15-16 чэрвеня. Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел ад 80 да 100 краінаў.
  • У Расеі, якую не запрасілі на саміт, заяўлялі, што перамовы аб міры ва Ўкраіне, заплянаваныя ў чэрвені ў Швайцарыі, ня будуць мець сэнсу без удзелу Расеі. Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што любыя дзеяньні ў дачыненьні да Ўкраіны, якія «ігнаруюць пазыцыю Расеі», «адарваныя ад рэальнасьці».
  • Расейскія ўлады называюць украінскую «формулу міру» непрымальнай — апроч іншага, плян Кіева прадугледжвае вывад расейскіх войскаў з усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі часопіс Foreign Affairs распавёў аб прычынах зрыву мірных перамоваў паміж Кіевам і Масквой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея абяцала скончыць вайну ў выпадку адмовы Ўкраіны ад NATO». Ва Ўкраіне раскрылі дэталі перамоваў з РФ у 2022 годзе