Спэцслужбы Польшчы пачалі праверку «аб’ёму сакрэтнай інфармацыі», да якой меў доступ судзьдзя Шмыт

Томаш Шмыт падчас прэс-канфэрэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА, 6 траўня 2024 году

Польскі судзьдзя Томаш Шмыт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, павінен быў увайсьці ў склад калегіі, якая займаецца пытаньнямі адмовы ў выдачы допуску да сакрэтнай інфармацыі NATO і Эўразьвязу. Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы пачало праверку.

Пра пачатак праверкі ў сацыяльнай сетцы Х напісаў прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцыяльных службаў Польшчы Яцэк Дабжынскі.

«Сёньня Агенцтва ўнутранай бясьпекі пачало праверку аб’ёму сакрэтнай інфармацыі, да якой судзьдзя ваяводзкага адміністрацыйнага суду, які папрасіў прытулку ў Беларусі, меў доступ у сувязі са сваёй функцыяй і справамі, якія ён вёў», — паведаміў Яцэк Дабжынскі.

Як піша партал Prawo.pl, у чэрвені Томаш Шмыт павінен быў увайсьці ў склад калегіі, якая займаецца пытаньнямі адмовы ў выдачы допуску да сакрэтнай інфармацыі. Да іх адносяцца дакумэнты NATO, Эўразьвязу і Эўрапейскага касьмічнага агенцтва з грыфамі «сакрэтна». Таксама Томаш Шмыт павінен быў быць дакладчыкам у пяці справах, заведзеных супраць кіраўніка Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Судзьдзя Шмыт, які зьбег у Беларусь, меў доступ да сакрэтнай інфармацыі, — польскі журналіст

Па словах прадстаўніка Вышэйшага адміністрацыйнага суду Сыльвэстра Марціняка, судзьдзю Шмыта спэцслужбы правяралі да ўступленьня на пасаду, але пасьля праверак не праводзілі, хоць ён выносіў рашэньні ў сакрэтных справах. Цяпер Мазавецкі аддзел Нацыянальнай пракуратуры Польшчы пачаў праверку ў дачыненьні да Шмыта ў рамках артыкула Крымінальнага кодэксу аб шпіянажы (за шпіянаж у Польшчы пагражае ад 8 гадоў пазбаўленьня волі або пажыцьцёвае зьняволеньне).

Ваяводзкі адміністрацыйны суд Варшавы ў заяве ў сувязі з інфармацыяй пра судзьдзю Томаша Шмыта паведаміў, што Шмыт знаходзіцца ў адпачынку з 22 красавіка па 10 траўня.

«У сувязі з паведамленьнямі ў СМІ пра судзьдзю Ваяводзкага адміністрацыйнага суду ў Варшаве Томаша Шмыта, якія зьявіліся сёньня, інфармую, што судзьдзя Томаш Шмыт з 22 красавіка па 10 траўня 2024 году знаходзіцца ў адпачынку. Да гэтага часу старшыня Ваяводзкага адміністрацыйнага суду ў Варшаве не атрымаў ад судзьдзі інфармацыі пра адстаўку з пасады. Кіраўніцтва суду, акрамя паведамленьняў у СМІ, ня мае ніякай інфармацыі, якая тычыцца ягонай просьбы аб прытулку і заяваў аб адстаўцы з пасады», — гаворыцца ў заяве за подпісам прэс-сакратаркі суду Малгажаты Ярэцкай.

Шостага траўня Томаш Шмыт, судзьдзя 2-га аддзяленьня ваяводзкага адміністрацыйнага суду Варшавы, выступіў у прэс-цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. На брыфінгу ён падпісаў заяву аб адстаўцы, заявіў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, і выказаўся ў падтрымку палітыкі афіцыйнага Менску. Свае дзеяньні ён патлумачыў нязгодай з палітыкай і дзеяньнямі ўладаў Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі судзьдзя ў Менску папрасіў абароны ў беларускіх уладаў. Кіраўнік МЗС Польшчы: «Я ў шоку»