Байдэн падпісаў закон аб забароне імпарту расейскага ўрану

Ілюстрацыйнае фота

Цяпер Злучаныя Штаты спадзяюцца стаць лідэрамі ўсясьветных продажаў урану.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб забароне імпарту расейскага ўрану, раней прыняты Кангрэсам. Дакумэнт набудзе моц празь 90 дзён пасьля падпісаньня.

Да студзеня 2028 году Міністэрства энэргетыкі ЗША зможа выдаваць дазволы на імпарт неапрамененага нізкаўзбагачанага ўрану, вырабленага ў Расеі або расейскім прадпрыемствам у выпадку, калі іншыя крыніцы паставак адсутнічаюць. Абмежаваньне будзе дзейнічаць да 2040 году.

Дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Саліван заявіў, што гэта «гістарычны закон, які ўмацуе энэргетычную і эканамічную бясьпеку ЗША і зьліквідуе залежнасьць ад Расеі ў галіне цывільнай атамнай энэргетыкі».

На думку адміністрацыі Байдэна, «новы закон аднаўляе лідэрства Амэрыкі ў ядзерным сэктары» і «дапаможа гарантаваць бясьпеку энэргетычнага сэктару ЗША для будучых пакаленьняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб дапамозе Ўкраіне. Што адпраўляюць?

У Белым доме таксама спадзяюцца, што дзякуючы беспрэцэдэнтнаму фэдэральнаму фінансаваньню ў памеры амаль 3 мільярдаў даляраў, нядаўна выдзеленых Кангрэсам ЗША, у краіне запусьцяцца новыя магутнасьці для ўзбагачэньня ўрану.

Амэрыканскія кампаніі плацілі Расеі прыкладна адзін мільярд даляраў штогод за ўзбагачаны ўран — асноўнае паліва для камэрцыйных атамных рэактараў. «Росатом» пастаўляў каля 20% узбагачанага ўрану, які выкарыстоўваецца на 93 атамных рэактарах у ЗША.

Гэтыя пастаўкі працягваліся нават пасьля таго, як у 2023 годзе зьявіліся дакумэнтальныя пацьверджаньні, што «Росатом» працаваў над пастаўкамі расейскаму зброеваму бізнэсу кампанэнтаў, тэхналёгій і сыравіны для ракетнага паліва, якое выкарыстоўваецца для вайны супраць Украіны.

Продаж урану Злучаным Штатам прынёс Расеі летась 1,2 мільярда даляраў, на 43% больш, чым годам раней. За апошні год усясьветныя цэны на ўран падняліся на 70%.

Расея зьяўляецца асноўным экспартэрам урану ў ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дарадца прэзыдэнта ЗША Болтан расказаў, чаму новая вялікая вайна ўжо ідзе