Кіраўніцтва EPAM заявіла, што ня будзе згортваць бізнэс у Беларусі

У офісе EPAM у 2016 годзе

Супрацоўнікі ІТ-кампаніі мелі онлайн-размову з кіраўніком Аркадзем Добкіным.

Дэталямі размовы з Devby.io падзяліўся чытач. Заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін адзначыў, што аднаўленьня маркаэканамічных паказьнікаў не адбылося, бо частка кліентаў занізіла свае патрабаваньні, скараціла выдаткі.

Аднак пры гэтым сыходзіць зь Беларусі кампанія не плянуе:

«Пра Беларусь: падыход які мы агучвалі шмат разоў. Ніякай стратэгіі наконт сыходу няма. Мы працягваем працаваць. Калі кліенты пачнуць будаваць новыя сыстэмы і пачнуць менш думаць аб скарачэньні затрат, пачнецца рост. На жаль, трэба пачакаць. І на сёньняшні дзень цяжка казаць аб плянах».

У кастрычніку 2023 году ў ЕРАМ вырашылі звольніць частку беларускага штату. І ў выніку скарацілі 2% штату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: EPAM вырашыў звольніць частку каманды ў Беларусі

Цяпер скарачэньні, паводле Добкіна, не плянуюцца. Але перагляд заробкаў па-ранейшаму замарожаны на нявызначаны тэрмін.

На думку чытача, Беларусь застаецца «эканамічна эфэктыўнай лякацыяй», і закрываць офіс у ёй сэнсу няма.

Разам з гэтым, працягваецца перанос праектаў у больш танныя рэгіёны — Індыю і Лацінскую Амэрыку, там офісы ЕРАМ будуць расьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 27% за дзень. Ці сьведчыць падзеньне акцый ЕPAM аб праблемах у беларускім ІТ-сэктары