У Беларусі за шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы

Ілюстрацыйнае фота

У раскладзе Менскага гарадзкога суду 3 чэрвеня ўказаны разгляд справы супраць Алены Раманаўскене, якую абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (артыкул 358-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі), заўважыла «Наша ніва».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» піша, што яна грамадзянка Літвы. Таксама ў раскладзе суду не пазначана яе імя па бацьку.

МЗС Літвы пацьвердзіла затрыманьне літоўскай грамадзянкі ў Беларусі паводле абвінавачаньня ў «агентурнай дзейнасьці».

«Мы ведаем пра сытуацыю, надаем консульскую дапамогу», — заявіла прадстаўніца міністра замежных спраў Паўліна Лявіцкітэ, піша LRT.

З чым зьвязаная справа супраць Раманаўскене, невядома. Паводле выстаўленага артыкулу жанчыне пагражае ад 3 да 7 гадоў калёніі.

Паседжаньне пройдзе ў закрытым рэжыме.

У МЗС Літвы ў сувязі з гэтым выпадкам чарговы раз нагадалі пра рэкамэндацыю грамадзянам Літвы ня езьдзіць у Расею і Беларусь пасьля актывізацыі варожых і правакацыйных дзеяньняў інстытутаў гэтых дзяржаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянку Ўкраіны асудзілі ў Беларусі да 9 гадоў зьняволеньня за «шпіянаж»